Унікальную паясную накладку часоў вікінгаў выявілі падчас раскопак у Шумілінскім раёне

Экспедыцыя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працавала ў другой палове ліпеня — пачатку жніўня ў аграгарадку Кардон Шумілінскага раёна, дзе і была знойдзена ўнікальная знаходка. Пра гэта паведаміў кіраўнік экспедыцыі, археолаг, кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў.


Raskopki

Па словах археолага, у выніку раскопак выявілі сляды некалькіх пабудоў і печаў, а побач з адным з былых будынкаў знайшлі ўнікальную паясную накладку, якая належыць колу скандынаўскіх старажытнасцяў, выкананая ў «звярыным стылі»:

— Дакладна такіх жа накладак беларускія археолагі не знаходзілі, але па стылі выканання яна блізкая да той, якую мы знайшлі падчас раскопак у Верхнім замку Полацка ў 2022 годзе.

Гарадзішча Кардон — адно з найбуйнейшых паселішчаў эпохі вікінгаў у Беларусі. Яго росквіт звязаны з актыўным выкарыстаннем у IX — пачатку XI стагоддзяў «шляху з варагаў у грэкі». Гэты археалагічны комплекс вучоныя вывучалі раней. Цяперашняя экспедыцыя аднавіла даследаванні, завершаныя ў 2018 годзе.

Raskopki

Мэтай даследаванняў быў пошук жылых дамоў, вытворчых комплексаў і пацверджанняў таго, што побач з паселішчам знаходзілася «бухта дракараў» вікінгаў. У пошуках бухты дапамагалі дайверы клуба «Марскі Пегас», але прамых доказаў не знайшлі, адзначыў Марат Клімаў.

Цяпер вучоным трэба будзе даследаваць знаходку і падвесці вынікі археалагічных раскопак сезона-2024. Але гарадзішча Кардон хавае яшчэ шмат таямніц, таму сюды не раз будуць накіроўваць экспедыцыі.

Pajasnaja nakladka časoŭ vikinhaŭ