Алесь Тодараў на budzma.org разбіраецца з тым, што замінае людзям думаць пазітыўна і чаму яны наогул не хочуць разважаць.
Парою людзі не хочуць нават задумвацца над тым, што адбываецца навокал. І часта гэта адбываецца не таму, што яны не маюць жадання, хаця гэта таксама важны фактар, а з-за таго, што ў дзяцінстве ім не далі патрэбных для гэтага інструментаў або паказалі, што гэта нібыта вельмі складана і нават сумна.
Кіламетры непатрэбных завучаных на памяць тэкстаў у школе спрэс адбіваюць усе жаданні спазнаваць і вывучаць гэты разнастайны свет. Усё больш-менш новае становіцца «разумным», чалавек паглыбляецца толькі ў свае прафесійныя веды, якія патрэбны яму для працы. Мозг застывае, нібы бетон у бетонамяшалцы, які перастаў змешвацца, а жыццё ідзе па накатанай.
Паглядзіце на старых, якія нават мікрахвалёўку ўключыць не могуць, паколькі яна занадта складаная для іх разумення. Або карыстаюцца кнопкавымі тэлефонамі, бо смартфоны ім падаюцца звышсучаснымі. Прыкладна гэтаксама паводзяць сябе і многія маладыя, калі адмаўляюцца разбірацца глыбей у пэўных тэмах.
Свет не стаіць на месцы
У цяперашнім свеце варта быць гатовым да новай інфармацыі, адмовіўшыся ад сваіх самых зацятых перакананняў, калі факты іх абвяргаюць.
Заўсёды трэніруйце свой самы энергазатратны орган — мозг.
Але не проста набіваючы яго смеццем, а вывучаючы мысленне, лагічныя памылкі і чыннікі сваіх паводзін.
Як вы прыўносіце ў сваё жыццё станоўчыя моманты? Псіхалогія кажа, што вам проста трэба думаць у станоўчым ключы. І гэта не нейкая эзатэрычная лухта — так уладкаваны наш мозг.
Калі вы засяродзіце свае думкі на зараблянні грошай, ваш мозг наладзіцца на пошук магчымасцяў для заробку. І ён знойдзе іх. Калі сканцэнтравацца на знаёмствах з цікавымі людзьмі, вы пачнеце сустракаць іх.
Як настроіць сябе на пазітыўнае мысленне?
1. Рабіце адзін акт дабрыні штодня
Усміхніцеся і перадайце каму-небудзь прывітанне, зрабіце каму-небудзь камплімент або дапамажыце фізічна абмежаванаму чалавеку.
2. Чытайце ці глядзіце больш станоўчага кантэнту
Мы жывем у такі час, што варта толькі адкрыць стужку з навінамі, як можа падасца, што свет стаіць на мяжы сваёй гібелі. Аднак насамрэч гэта не так.
Узровень злачыннасці падае, людзі менш хварэюць, узровень адукацыі і чаканая працягласць жыцця растуць, і ў цэлым свет цяпер лепшы, чым быў паўстагоддзя таму. Хіба што пагроза ядзернай вайны як і тады застаецца ўсё яшчэ актуальнай.
Звярніце ўвагу на некаторыя пазітыўныя навіны і падзеі. Чытайце ці глядзіце відэа, прысвечаныя рэчам, якія вам падабаюцца. Як толькі вы заменіце негатыўныя думкі пазітыўнымі, вы пачнеце атрымліваць пазітыўныя вынікі.
3. Задавайце правільныя пытанні
Напрыклад, калі вы песіміст, пытанні, якія вы будзеце сабе задаваць, з’яўляюцца негатыўнымі:
— Чаму гэта здарылася менавіта са мной?,
— Чаму са мной здараецца нешта дрэннае, калі я нешта спрабую?
Замест гэтага, пачынайце задаваць пытанні так:
— Што добрага можа быць у гэтай сітуацыі?
— Што я магу атрымаць з гэтых абставін?
— Што я магу зрабіць зараз, каб выправіць гэта?
4. Канцэнруйцеся на развіцці сваіх прыроджаных схільнасцяў
Развівацца і адкрываць у сабе новае — добра. Аднак нярэдка падобныя імкненні заканчваюцца дрэнна. Асноўная прычына — супярэчнасць уласнай «натуры».
Уявіце паталагічнага інтраверта. Не таго, хто пазбягае грамадства з-за сарамлівасці, а таго, які не выносіць людзей наогул. Што будзе, калі ён паспрабуе стаць экстравертам?
Будзе дрэнна. Не толькі навакольным, але і яму самому. Прыйдзецца крывадушнічаць, чырванець, прыкідвацца зацікаўленым. А гэта вялізны стрэс.
З часам можна задушыць эга і перамагчы сябе, аднак вынік атрымаецца не станоўчым, а адмоўным. Гэта ўсё роўна што спрабаваць вучыць ката лётаць.
Варта сканцэнтравацца на прыроджаных схільнасцях. Усвядоміць свае моцныя бакі і сканцэнтравацца менавіта на іх развіцці. Так поспех вам будзе давацца лягчэй і больш натуральна, а дыскамфорту на шляху стане менш.
Над недахопамі таксама трэба працаваць, але не ставіць іх на першае месца ў спісе прыярытэтаў.
Калі вы не ўмееце слухаць іншых — крыху павучыцеся. Увесь час абзываеце ўсіх? Павучыцеся быць больш стрыманым. Але разам з тым, не спрабуйце супярэчыць сваёй «прыродзе».
Жыццё гарантавана стане як мінімум прасцей, а прыемным бонусам будзе абарона ад маніпуляцый, разуменне дзеянняў свайго арганізма і жыццё ў гармоніі з сабой.
Поспехаў!
Алесь Тодараў, budzma.org