Дзве «Малітвы» Купалы, голас Мулявіна і музыка Моўчана: як нарадзілася геніяльная песня, якую сёння забараняюць выконваць

12 студзеня 2026-га ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў урачысты вечар да 85-годдзя Уладзіміра Мулявіна. У адзін з кульмінацыйных момантаў, калі прагучала «Малітва» на словы Янкі Купалы, заля, паводле відавочцаў і відэафрагментаў, узнялася. Здавалася, гэтым учынкам кожны з прысутных бясслоўна выказаў самае дарагое, што меў на сэрцы.

Uładzimir Mulavin
Уладзімір Мулявін. Фота з Вікіпедыі

Аднак працяг быў нечаканы: ужо пасля канцэрта Ірына Відава (удава кампазітара Алега Моўчана) выступіла з жорсткай пазіцыяй адносна выкарыстання музыкі мужа. Відава, некаму знаёмая таксама як спявачка, заявіла, што выкананне твораў без яе пісьмовага дазволу недапушчальнае. Жанчына ўжо дамаглася выдалення відэа з канцэрта ў філармоніі на YouTube. Такім чынам, «Малітва» нечакана апынулася ў цэнтры канфлікту паміж культурай, памяццю і аўтарскім правам.

Але перад тым, як спрачацца, варта зразумець, што гэта за песня і як яна была зроблена.

Ролік з філармоніі 2026:


У 1994 годзе Мулявін шукаў фінал для юбілейнай праграмы «Песняроў». Тэкст, насуперак перакананням, быў створаны не з аднаго верша, а нарадзіўся ў выглядзе кампіляцыі з дзвюх купалаўскіх «Малітваў». Музыка паўстала ў Крыме, у зусім не ідэальных умовах, і ўсё ж атрымалася так, што «Малітва» стала найлепшым творам «Песняроў» з рэпертуара ансамбля ў 1990-х.

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Распетаю буду маліцца душой,

Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Янка Купала

Як нарадзілася «Малітва»

У 1994-м «Песняры» рыхтавалі праграму «Голас душы» да 25-годдзя калектыва, якая ўрэшце прагучала на «Славянскім базары». Кульмінацыяй зрабілі новую кампазіцыю на вершы Янкі Купалы.

Цікава, што фінальны твор стаў кампіляцыяй строф з двух купалаўскіх твораў з аднолькавай назвай «Малітва». Першы датаваны 5 ліпеня 1906 года і пачынаецца радком «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі...». Другі быў напісаны ў 1912 годзе і на пачатку мае «Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе...». Вершы знайшла і скампілявала Святлана Пенкіна (жонка і памочніца Мулявіна).

Калі, напрыклад, разгарнуць старонкі з вершам 1912 года, там ёсць радкі, якія беларусы ўжо імгненна пазнаюць, але з адной адметнай розніцай. У Купалы знаходзім «за родны загон Беларусі», а ў «песняроўскай» версіі чуем «за родны народ Беларусі».

Мулявін напрыканцы песні таксама спявае:

«Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Распятаю буду маліцца душой».

У Купалы ж сэнс быў у дадзеным выпадку іншым: «Распетаю буду маліцца душой», то-бок душой, якая спявае, а не ўкрыжаваная.

У выніковым тэксце песні не трапілі і некаторыя часткі абедзвюх «Малітваў» Купалы, напрыклад, вось такія словы:

Я буду маліцца да нівы ўсёй сілаю,

Каб лепшаю ўродай плаціла за труд,

Збагаціла сельскую хату пахілую,

Надзеі збытымі убачыў наш люд.

Aleh Moŭčan
Алег Моўчан, 2014 г. Фота: Радыё Свабода

Уладзімір Мулявін спачатку сам спрабаваў напісаць музыку, але вынік яго не задаволіў, і, як сцвярджаюць сведкі, ён прапанаваў працу маладому кампазітару Моўчану, які на той час ужо напісаў некалькі паспяховых мелодый для ансамбля. Мулявін папрасіў напісаць вялікую, баладную рэч.

Моўчан пазней падкрэсліваў, што пісаў і аранжыраваў «Малітву» не абстрактна «пад Песняроў», а канкрэтна пад Мулявіна, бо шмат часу правёў з ім побач і разумеў яго асаблівасці.

Ролік з арыгінальным выкананнем 1994:

Ідэя музычнай формы прыйшла да яго на гастролях у Крыме, на фэсце «Зорны прыбой», калі «Песняры» жылі на параходзе. Моўчан, які кепска валодаў гітарай, праз адсутнасць раяля найграў першы варыянт кампазіцыі на струнным інструменце. Пазней, ужо ў Менску, зрабіў аранжыроўку і паказаў яе Мулявіну.

Як узгадваў сам кампазітар, ён шукаў духоўнае натхненне і прызнаваўся, што моцны імпульс атрымаў, калі пачуў «Ойча наш» у менскім Свята-Духавым саборы. Адсюль, відаць, нарадзілася і нутраная патрабавальнасць да «Малітвы» як да неэстраднай песні.

Паводле ўспамінаў Ірыны Відавай, Мулявін на нейкі час знік з радараў, прыкладна на дзесяць дзён, а потым раптам патэлефанаваў і запрасіў усіх тэрмінова сабрацца ў студыі, каб запісаць твор. Сам Моўчан, апісваючы гэтыя падзеі, казаў, што Мулявін запісаў «Малітву» «літаральна з пары дубляў».

А затым быў легендарны выступ на «Славянскім базары-1994».

Калі і як забаранялі «Малітву»

Забарона на выкананне «Малітвы», якая прыляцела ў 2026 годзе, далёка не першая ад сямейнай пары Моўчана і Відавай. Больш за пятнаццаць гадоў таму пад раздачу трапіў Пётр Ялфімаў, а затым, у 2014 годзе кампазітар забараніў Анастасіі Шпакоўскай і гурту Naka праспяваць «Малітву» для зборніка кавераў «Песняроў».

Зрэшты, тады ж Алег Моўчан прызнаваўся: «Я ж не стаю над гэтай песняй, як вартаўнік са стрэльбай! Але Мулявін — адзіны аднаасобны выканаўца, які даў гэтай песні жыццё. Цяпер вакол «Малітвы» ўжо цэлы цырк, шчыра кажучы. Я ўжо кажу: рабяты, вось я памру — і рабіце, што хочаце!».

Кампазітар пайшоў з жыцця пасля працяглай хваробы ў 2019 годзе, і за некалькі месяцаў да смерці перадаў правы на сваю інтэлектуальную творчасць жонцы Ірыне. Тая на сайце мужа апублікавала наступную інфармацыю: «Як праваўладальнік я, Відава-Моўчан Ірына Станіславаўна, заяўляю пра маю забарону на выкарыстанне без маёй пісьмовай згоды ў любой форме наступных твораў, аўтарам музыкі якіх з’яўляецца Моўчан Алег Уладзіміравіч...»

Сярод пераліку забароненых твораў была і знакамітая «Малітва».

Зрэшты, выконваць песню дазваляецца дзецям, харавым калектывам і пад акампанемент Мікалая Лукашэнкі, як было зусім нядаўна, у студзені 2025-га, калі спяваў некалькі разоў забаронены Пётр Ялфімаў.

Ролік з выкананнем 2025:

Малюся я небу, зямлі і прастору.

Магутнаму Богу — Ўсясвету малюсь.

Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору

За родны народ Беларусі.

Павал Хадзінскі, budzma.org