Першакласнікаў у Беларусі становіцца менш

Колькасць першакласнікаў за апошнія тры гады скарацілася на 13 тысяч. 2 верасня 2024 года ў 2.655 сярэдніх навучальных установах пачынаюць вучыцца 1 млн 70 тыс. чалавек, паведамляе Міністэрства адукацыі. Паводле звестак Белстата, год таму было 2.872 установы агульнай сярэдняй адукацыі і 1 млн 90 тыс. навучэнцаў.

Колькасць першакласнікаў на працягу апошніх трох гадоў зніжаецца, вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу афіцыйнай статыстыкі. Сёлета ў школу пойдуць каля 105 тыс. першакласнікаў, летась іх было 110 тыс., годам раней — 115 тыс., у 2021-м — 118 тыс.

У сярэдніх навучальных установах на пачатак мінулага навучальнага года (актуальныя звесткі пакуль не апублікаваныя) працавала 103,3 тыс. настаўнікаў, у сярэднім на аднаго настаўніка па краіне прыпадала 11 вучняў, у гарадскіх школах — 13, у сельскіх — 6.

На падставе рашэння Мінадукацыі, першы ўрок у новым навучальным годзе пройдзе на тэму «Мы маем чым ганарыцца, мы маем што берагчы!».

Змест першага ўрока звязаны «са знакавымі падзеямі 2024 года: 80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; Год якасці; 30 гадоў інстытуту прэзідэнцтва ў Беларусі».

Школьнікі будуць вучыцца па тых жа праграмах, што і ў летась. Аднак з’явяцца некаторыя факультатыўныя заняткі з акцэнтам на выхаванне патрыятызму, бо ў беларускай школе галоўнае «не навучанне, а выхаванне», заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец на пашыраным педсавеце 27 жніўня.

Напрыклад, уводзіцца факультатыў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для 8-х (9-х) класаў у рамках пагаднення паміж дзяржавай і Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы. Дэ-факта гэта працяг факультатыву для навучэнцаў, якія пачалі яго наведваць пасля ўкаранення ў 2021 годзе, будучы ў 5-м (6-м) класе.

У новым навучальным годзе ва ўсіх класах школ штомесяц будзе праходзіць інфармацыйная гадзіна на тэму «Генацыд беларускага народа».

Для такіх заняткаў у 2023 годзе выдадзеныя падручнікі «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». З 2023 года з’явіліся адпаведныя дапаможнікі асобна для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х класаў.

Выкарыстоўваць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы крымінальнага расследавання аб «генацыдзе беларускага народа», прадстаўленыя Генеральнай пракуратурай, у школе пачалі ў 2022 годзе.

Пры вывучэнні згаданай тэмы ўлады праводзяць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

На гэтым фоне ўсё менш значным становіцца нацыянальны аспект адукацыі. Паводле даных Мінадукацыі, навучанне на беларускай мове праходзяць каля 10% школьнікаў, то бок каля 100 тыс., хаця каля 40% школ у краіне з’яўляюцца беларускамоўнымі. У асноўным гэта малакамплектныя школы, якія ў асноўным размешчаны ў сельскай мясцовасці.

У 2017 годзе адукацыю на беларускай мове атрымлівалі 128.600 дзяцей (каля 13%), а беларускамоўнымі лічыліся 49% школ.

Для параўнання: у 1994–1995 гадах на беларускай мове вучылася 29,4% вучняў, у 2007–2008 гадах — 20,9%.

У Беларусі па-ранейшаму няма ніводнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.