“Песні філаматаў і філарэтаў” у Пружанах

2 чэрвеня 2012 г. удзельнікі музычна-асветніцкага праекта “Песні філаматаў і філарэтаў”, што ажыццяўляецца пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і МГА “Гісторыка”, наведалі Пружаны. Уласна, першапачаткова планавалася творчая сустрэча пружанцаў са славутым земляком – перакладчыкам Васілём Сёмухам пад напаўжартоўнай назвай “Сёмуха на Сёмуху” (гэтае свята ў Беларусі адзначылі ў нядзелю). Аднак Васіль Сяргеевіч з важкіх прычын быў змушаны адмовіцца ад далёкай паездкі.

Тым не менш, імя спадара Сёмухі, як і перакладзеныя ім тэксты, шмат гучала ў гэты дзень ва ўтульнай гасцёўні музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. На пачатку імпрэзы аўтар праекта “Песні філаматаў і філарэтаў” А.Жбанаў нагадаў прысутным пра найбольш значныя для беларускай культуры здабыткі В.Сёмухі, у тым ліку пераклады Бібліі і трагедыі Ё.В. фон Гётэ “Фаўст”, а таксама выканаў адзін з твораў з вакальнага цыклу Р.Шумана на вершы Г.Гейнэ “Каханне паэта” у арыгінале і ў перакладзе В.Сёмухі (тэксты вакальных цыклаў нямецкіх і беларускіх кампазітараў у яго перакладах сабраныя ў нядаўна выдадзенай кнізе “Званы старое казкі”).

Затым пры падтрымцы публікі прагучалі песні на словы А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Адынца з нотнага сшытка Б.Свентажэцкай, знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам С.Немагай. Тэксты дзвюх песняў праграмы – “Трыялеты ў Вільні” на верш Т.Зана і “Вітальная Тамашу Зану” на верш Г.Гюнтэр – перакладзены В.Сёмухам.

“Песню Марылі” (яе, па ўспамінах сучаснікаў, часта напявала каханая А.Міцкевіча Марыля Верашчака) цудоўна выканала супрацоўніца музея Крысціна, а выкладчыца пружанскай музычнай школы Святлана падарыла слухачам беларускую народную песню. Іх унёсак быў узнагароджаны не толькі воплескамі, але і памятнымі падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Як калісьці філаматы і філарэты, прысутныя частаваліся смачным малаком – сімвалам праўды і чысціні.

У слайдавай прэзентацыі дэманстраваліся выявы вядомых філаматаў і філарэтаў, іх выкладчыкаў, фотаздымкі розных мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю, у Беларусі і іншых краінах.

Пасля музычнай часткі ў той жа зале адбылася сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса “Архэ” В.Булгакавым і вядомым гісторыкам У.Ляхоўскім, якія прэзентавалі новыя выданні, у тым ліку кнігу “Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове 19 – першай трэці 20 ст.”.

Варта адзначыць, што выступу ў Пружанах папярэднічала паездка ўдзельнікаў праекта “Песні філаматаў і філарэтаў” разам з дырэктарам музея “Пружанскі палацык” Ю.Зялевічам і яго калегамі на месца, дзе да 1942 г. знаходзіўся родны хутар В.Сёмухі Ясенец, і ў лясную вёску Смаляніца, дзе жыве стрыечная сястра спадара Васіля Зінаіда (яна з гонарам паведаміла, што мае ў хаце шэраг кніг з перакладамі знакамітага сваяка, і зазначыла, што вельмі чакае яго ў госці).