У новым выпуску «Гітары Мулявіна» пагутарым пра самыя, не саромеючыся гэтага слова, сакавітыя рэлізы тыдня, і слова «сакавітыя» тут не дзеля пафасу, бо ўсе песні выйшлі на гэтым тыдні, а некаторыя наўпрост сёння!
Мой адзіны Сокал
У гэтым годзе гурт NaviBand адзначае сваё 10-цігоддзе. Здаецца, яшчэ нядаўна яны выступалі на «Еўрабачанні» і давалі канцэрты ў Мінску, а цяпер збіраюць вялікі канцэрт у Варшаве і акурат да Дня Волі прэзентуюць новы сінгл «Сокал». Разам з песняй выкладываюць найцудоўнейшы кліп! Тэкст сувора-метафарычны і перадае шмат сэнсаў, не кажучы ні пра што прама. Аднак мы, будучы кемлівымі слухачамі, канешне ж, здагадваемся.
Інструментал песні спалучае ў сабе як электронныя матывы, так і звычайную гітарную партыю, з-за якой, канешне, усе песні гурта і прынята лічыць падобнымі адна да адной.
Песня выйшла файнай, а карцінка кліпа — якаснай, аднак яшчэ адзін твор з эмігранцкім вайбам ва ўжо перапоўненую свінню-капілку адчуваецца крыху too much. Спадзяюся, гэты і іншыя трэкі Арцёма і Ксюшы мы яшчэ калісьці пачуем не толькі ў еўрапейскіх клубах, але і на «Мінск-Арэне».
Маўчанне цягам года
Рэфарматар рэпу па-беларуску і ціктокер bayski выпускаў свой апошні трэк прыблізна год таму. З таго часу змянілася шмат чаго, але наўрад ці змяніўся ён сам. Ягоная новая песня з назвай «Ты не ведаеш мяне» — гэта жыццесцвярджальная поп-рэп балада аб тым, як важна ніколі не згаджацца на меншае, чым ты заслугоўваеш. Нават у імя кахання.
Інструментал на дзіва павольны і месцамі зусім папсовы, хаця раней выканаўца выступаў з больш агрэсіўным мэсэджам у сваіх творах. Цяпер, відавочна, адбылася перабудова вобразаў, сэнсаў і самой музыкі артыста ў больш лагодны і даступны масаваму слухачу вектар. Выбухны бас і энергічныя тэксты змяніліся на меладычныя куплеты і мілагучныя, прычэпістыя прыпевы. Пакуль што па адной песні цяжка прадбачыць будучыню, але калі гэта той гук, які выканаўца шукаў доўгі час, то застаецца толькі павіншаваць яго і пажадаць поспеху.
Мушу лётаць па ветры і лунаць
Напоўненая экзістэнцыйнай тэматыкай, але з надзеяй і верай у лепшае — такое першае ўражанне ад новай песні Ільі Шынкарэнкі з назвай «Матылёк». На шчасце ці на жаль, з аднайменнай песняй Макса Каржа яна не мае нічога супольнага.
У кампазіцыі ёсць усё — ад лёгкага фартэпіяннага пройгрыша напачатку да рокавага пройгрышу ў прыпеве. Па тэксце таксама няблага, бо ўсё, што хвалюе хлопца ўзросту Ільі, там ёсць: вучоба, сям’я, стасункі, краіна і будучыня. Рэчытатыў малады выканаўца перамяжоўвае з распевамі, і такі мікс дае ладную кампазіцыю, але...
Але асабіста для мяне гэта ўсё гучыць пластыкава і заезджана, бо паўтараецца выканаўцам прыкладна з песні ў песню. Да таго ж, сапраўды крутой музыку робіць тое, што выканаўцу хочацца верыць і пражываць з ім яго кампазіцыю да канца. Тут паслухаў адзін раз, лянотна пазяхнуўшы, і на гэтым усё. Папярэднія трэкі Ільі мне спадабаліся нашмат больш, але на адзінае вернае меркаванне я не прэтэндую.
Няхай беларускай музыкі будзе больш, каб кожны мог знайсці сабе штосьці на свой густ і гаманец!
Хатні Томпсан, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Выйшла дарк-джазавая трып-хоп плытка ад Drum Warz x JJ.OK