З 13 па 19 красавіка Падляшша прадстаўляе Рэспубліку Польшча на сусветнай выставе EXPO — 2025 у японскіх гарадах Осака і Кансай. Канцэпцыя Expo 2025 заключаецца ў тым, каб у павільёнах былі інсталяваны вітрыны з артэфактам — матэрыяльным сімвалам рэгіёна. Для гэтай мэты былі выбраныя піксельныя валёнкі, створаныя мастачкай Малгажатай Дмітрук, піша reform.news.
Піксельныя валёнкі Малгажаты Дмітрук. Фота: Павел Крукоўскі
Сусветная выстава Expo — гэта ўнікальная магчымасць для прасоўвання рэгіёна, яго культуры, турызму, дэманстрацыі эканамічнага патэнцыялу. Падляшскае ваяводства адкрывае цыкл рэгіянальных прэзентацый у польскім павільёне на выставе.
Для жыхароў Падляшскага ваяводства валёнкі з’яўляюцца сімвалам цяпла — у прамым і пераносным сэнсе. Гэта прадмет штодзённага ўжытку, але таксама і знак клопату, сямейнай блізкасці, павагі да прыроды. Паводле Малгажаты Дмітрук, яны таксама становяцца сімвалам мастацкага пошуку і творчай смеласці. Прадмет традыцыйнай матэрыяльнай культуры, пададзены ў мастакоўскай інтэрпрэтацыі, звязвае мінулае з будучыняй, вёску з горадам, Польшчу з Японіяй.
Артэфакт Малгажаты Дмітрук натхнёны лагатыпам Падляшша, створаным Лявонам Тарасэвічам у 2010 годзе. Піксельны зубр Тарасэвіча суправаджаецца лозунгам «багацце разнастайнасці» і закліканы падкрэсліць мультыкультуралізм рэгіёна.
Лагатып Падляшша, створаны Лявонам Тарасэвічам. Фота: Urząd Marszałkowski
Малгажата Дмітрук нарадзілася ў Бельску Падляшскім. Вучылася на факультэце графікі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, потым у Акадэміі мастацтваў у Варшаве. З 1995 па 2010 год працавала ў эксперыментальнай студыі ў Мінску, якой кіраваў Дзмітрый Малаткоў. Цяпер выкладае ў Акадэміі мастацтваў у Варшаве. Займаецца графікай, жывапісам, малюнкам, ілюстрацыяй, мастацкай кнігай, аўтарскім тэкстылем, аб’ектам, сцэнаграфіяй, інсталяцыяй.