Як навучыцца добра і цікава пісаць пра культуру? Адказу на гэтае пытанне чакалі журналісты Віцебскага рэгіёна ад журналіста, калумніста, культурніцкага аналітыка, пісьменніка і мастацтвазнаўца Віктар Марціновіча.
“Як навучыцца добра пісаць? Калі б быў жывы Караткевіч, я б, напэўна, задаў гэтае пытанне яму. Я ўпэўнены, што навучыць чалавека добра пісаць немагчыма. Каб добра пісаць, трэба перадусім умець думаць!” Каб разам падумаць, як зрабіць культурную журналістыку запатрабаванай, зацікавіць саміх журналістаў сучаснай беларускай культурай, кампанія “Будзьма беларусамі!” зладзіла прэс-клуб з журналістамі Віцебскага рэгіёна.
Пачалі з тэарэтычнай часткі — лекцыі Віктара Марціновіча “Як канструюецца і рэпрэзентуецца культура ў медыях”.
“За 30 хвілін мушу расказаць пра сучасныя медыі… Гэта будзе прыкольна і цікава нават для мяне!” — натхнёна пачаў Віктар. Удзельнікі сутаргава занатоўвалі прозвішчы (Эка, Маклюэн, Барт), назвы кніг (“Understanding media”, “Адсутная структура”) і быццам бы мудрагелістыя тэрміны (міметычная, інтэнцыяльная, канструктывісцкая рэпрэзентацыя), якія пасля тлумачэння рабіліся не такімі ўжо і страшнымі.
“Сяджу і адчуваю, як файна разумець, што ты тут самы тупы, табе ёсць куды расці, што чытаць і як кшталтаваць сваю працу!” — прызнаўся адзін з удзельнікаў.
“А цяпер будзем думаць! Пераходзім да другой, практычнай часткі”, — працягваў Віктар. Журналісты напружыліся… “Зараз я вам пакажу ролік, мы разам паржом, а потым разбяромся, што ў ім не так, хто вінаваты і што рабіць”.
Для абмеркавання быў прапанаваны сюжэт Смаргонскага тэлебачання, які быў паказаны нават на БТ. Прапануем вам таксама атрымаць асалоду ад гэтага журналісцкага шэдэўра:
Журналісты пасмяяліся, ажывіліся і пачалі наперабой выкрыкваць сваіх “вінаватых”:
— Праца аператара!
— Непадрыхтаванасць журналіста!
— Да гэта мастак такі! Навошта ўвогуле ў яго браць інтэрв’ю… і г.д.
Віктар адразу ж ператварыўся ў мадэратара і правакатара дыскусіі:
— Хто за тое, каб увогуле не браць інтэрв’ю ў мастакоў?!
— Я б сказаў гэтаму мастаку: дружа, пераапраніся, прычашыся! На камеру ж здымаць будзем, цябе ўбачыць увесь свет!
Гэта рэпліка ўзарвала залу. Журналісты заступаліся за мастака:
— Ён сваю справу зрабіў, карціну намаляваў!
— Ён не мусіць падладжвацца пад перадачу!
— Ён не мэйнстрым, хай і застаецца такім маргінальным, гэта таксама можна было цікава паказаць!
— У сучаснай беларускай культуры няма мэйнстрыму! У нас уся культура маргінальная! Яе трэба ратаваць як іміджавы праект! — падліваў алею ў агонь Віктар.
Наступны пункт развагаў — феномен Аляксандра Саладухі: “Як гэты чалавек мог сабраць Мінск-Арэну? У чым яго сакрэт?” Многія пра “Мінск-Арэну” пачулі ўпершыню, не верылі, абураліся, задумваліся. Урэшце вынайшлі чатыры складальнікі поспеху Саладухі:
1. На сцэне даўно: з’явіўся тады, калі яшчэ не было падзелу на беларускую і расійскую эстраду. “Падзелу не было, а Саладуха ўжо быў!”
2. Сам па сабе: ведае, як сябе падаць, не мае менеджараў, ні на кога не спадзяецца і робіць усё сам.
3. Майстра камунікацый: вынайшаў зручны для сябе спосаб (тэлефанаванні дырэктарам заводаў і фабрык, наведванні рэдакцый газет і часопісаў), і гэты спосаб “пракатвае” з яго мэтавай аўдыторыяй.
4. Самаіронія і фрыкавасць — тое, што чапляе і звяртае ўвагу. “Да яго, можа, і не ставяцца сур’ёзна, але мне ўжо хочацца схадзіць на канцэрт і паглядзець, як гэта ў Саладухі атрымалася “Арэну” сабраць? Што там за шоу?”
Падвялі вынікі першай часткі балючымі пытаннямі:
— Мне не падабаецца сучасная беларуская літаратура! – сказала як адрэзала адна з удзельніц прэс-клуба.
— А што з беларускай літаратуры вы апошняе чыталі? – канечне, спытаў Віктар.
— Класікаў — Быкава, Караткевіча. А сучасных не хочацца неяк чытаць… Не чапляе.
— Так! Давайце дамовімся: мы ніколі не будзем меркаваць пра тое, у чым не разбіраемся! Пачытайце як мінімум сёлетні шорт-ліст прэміі Гедройца!
Чаму нецікава? Чаму не чапляе? Што мы робім не так у падачы культуры? Чаму пра прэмію Гедройца нават сярод прысутных зацікаўленых культурай журналістаў ведае толькі 4 чалавекі? Гэтыя пытанні ўдзельнікі прэс-клуба абмеркавалі з кансультантам па камунікацыйных кампаніях, прэс-сакратаром кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў 2011—2014 гг. Алесем Плоткам.
Калі за прэмію Гедройца зачапіліся, ёй ужо і працягнулі:
“Далёка хадзіць не будзем. Глядзім справаздачу з цырымоніі ўзнагароджання на сайце кампаніі “Будзьма!”. Гэта ўдалы прыклад таго, як нельга падаваць інфармацыю пра такія падзеі — прасціна тэксту, а потым фотаздымкі з нікому не вядомымі людзьмі. Гэта нашая даўняя хіба — недахоп рук, часу… але потым нам кажуць: “Сучасная літаратура не натхняе”. Мяне б таксама наўрад ці натхнілі пачытаць кнігі аўтараў, намінаваных на Гедройца, справаздачы, якія з’явіліся ў СМІ пасля яе. І цяпер я ўжо не толькі пра сайт “Будзьма!”
Зразумела, не абмінулі ўвагай спрэчкі вакол выказвання Валянціна Акудовіча пра пісьменніка Сяргея Верацілу і асвятленне гэтага інцыдэнту ў СМІ. Засяродзіліся і на гендарнай праблеме, узнятай літаратаркай Аленай Казловай у фэйсбуку. Тым больш што адзін з герояў паста Алены, фатограф Аляксандр Ждановіч, удзельнічаў у прэс-клубе і мог адказаць на выказаныя прэтэнзіі: “Шчыра кажучы, я проста не ведаў, як гэтыя спадарыні выглядаюць, і згубіў іх у зале. Вось на агульным фотаздымку ж яны ёсць!”
Прэс-клуб удала прадэманстраваў наступнае.
— Пра сучасную беларускую культуру — асобаў, падзеі, тэндэнцыі — часта не ведаюць самі журналісты. Як тады мы можам чакаць ад іх цікавага асвятлення гэтых падзей і тэндэнцый? Журналістыка — мажліва, першая сфера дзейнасці, дзе нельга дазваляць сабе думаць стэрэатыпна, а калі справа датычыць годнасці культуры тваёй краіны — тым больш.
— Нават лаяльным да беларушчыны сродкам масавай інфармацыі варта больш уважліва ставіцца да падачы культурніцкіх навінаў і прымаць да ўвагі, што гэтыя публікацыі могуць як зацікавіць, так і адштурхнуць ад культуры не толькі чытачоў, але і рэгіянальных журналістаў па ўсё краіне.
— Мерапрыемствы кшталту прэс-клубаў варта ладзіць у рэгіёнах часцей. Яны дапамагаюць зацікавіць журналістаў культурай, падштурхнуць да самаадукацыі, актыўнасці і кшталтавання сваёй працы.
Зацікавіліся правядзеннем прэс-клуба ў вашым горадзе ці рэгіёне? Пішыце на [email protected]!
Палепшым культурніцкую журналістыку разам!
Тэкст – Лізавета Неўмяржыцкая
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч