У чацвер 18 жніўня ў краме-галярэі “Падземка” адбылася прэзентацыя дэбютнага зборніка вершаў Ярылы Пшанічнага (Уладзімера Банько) “Пішчавыя лішкі”. Гэта была ўжо другая прэзентацыя пры падтрымцы часопіса “Новая Еўропа”, выдавецтва “Галіяфы” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі”.
У адрозненні ад папярэдней, так бы мовіць, выяздной часткі, якая была надзвычай камернай і старасвецкай, цяперашняя прэзентацыя мела характар тыпова гарадской літаратурнай імпрэзы, аздобленай мікрафонамі, маніторамі, паліцамі з кнігамі і DVD. Такая атмасфера надта пасавала да паэзіі Ярылы Пшанічнага, які ёсць не толькі “пясняр вялікіх плошчаў і праспектаў”, але яшчэ і ўдалы музычны эксперыментатар у стылі art noise.
Павіншаваць і падтрымаць аўтара прыйшлі яго даўні сябра, паэт, музыка і па сумяшчальніцтву рэдактар зборніка Зміцер Плян, Паўлюк Канавальчык і Лёлік Ушкін – былыя калегі з неіснуючай ужо газеты “Навінкі”, сябра літаратурнага аб’яднання “Вобла” і аўтар часопіса “Дзеяслоў” Алесь Емельянаў, майстра вытанчаных рыфмаў і вобразаў Арцём Кавалеўскі. Падчас прэзентацыі свае літаратурныя таленты нечакана для ўсіх раскрыў музыка і аранжыроўшчык Улад Бубен. А музычны фон вачарыны стварыў літаратар Аляксеў Талстоў.