У наступным годзе пісьменнік адзначыў бы свой 90-гадовы юбілей, піша «Звязда».
Віктар Карамазаў. Фота: «Звязда»
Віктар Карамазаў належаў да так званага філалагічнага пакалення — дзяцей вайны, чыё юнацтва прыйшлося на гады «адлігі». Нарадзіўся 27 чэрвеня 1934 года ў сям’і настаўнікаў у Чэрыкаве (Магілёўская вобласць). У час Вялікай Айчыннай вайны жыў з бацькамі ў Чувашыі, Татарстане, Ульянаўскай вобласці. Пасля вайны сям’я жыла ў Крычаве.
Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1958). Працаваў адказным сакратаром чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога», крычаўскай раённай газеты «Шлях сацыялізму», загадваў аддзелам у міжраённай газеце «Новае жыццё» (Крычаў). У 1962–1963 гг. — уласны карэспандэнт абласной газеты «Магілёўская праўда». З 1964 года працаваў у «Звяздзе», затым у «Літаратуры і мастацтве», часопісе «Полымя», быў загадчыкам аддзела мастацкіх фільмаў «Тэлефільма».
Тэмы ягоных твораў — гэта і Вялікая Айчынная вайна (раман «Бежанцы»), і лёс беларускай вёскі (хрэстаматыйнае апавяданне «Дзяльба кабанчыка» і аповесць «Дзень Барыса і Глеба»).
Пісьменніка турбавала тэма роднай прыроды і адносін людзей да яе — у лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» на прыкладзе Лімінскай пушчы на роднай Чэрыкаўшчыне Карамазаў паказаў лёс беларускіх лясоў. Раман быў экранізаваны ў 1987 годзе. Ствараў падарожную прозу — «Глядзіце ў вочы лемуру: аповесць-эсэ з пастскрыптумамі і вернісажам» пераносіць чытача ў самыя экзатычныя мясціны зямлі.
Віктар Карамазаў пісаў пра мастакоў — з любоўю, сапраўды як пра духоўных братоў. І мастацкія творы, і дакументальныя. Яго героямі рабіліся Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі, Гаўрыіл Вашчанка, Антон Бархаткоў, Мікалай Неўраў.
У пісьменніка сапраўды было мастакоўскае бачанне свету:
«Драбкі блакіту ззялі, як сама раніца ў абмытым цёплым дажджом акне, грэліся ў вохрыста-залацістых лужынках сонца. Сонечныя плямы дзе сплываліся і ярчэлі, дзе рассыпаліся і гаслі, а блакіт заставаўся трывалы і чысты».
«Людзей яднаюць ці раны і боль, ці дабрыня і любоў», — сцвярджаў пісьменнік у адным са сваіх твораў. Яго творчасць была на баку дабрыні і любові, таму яна заўсёды будзе мець сваіх чытачоў.