У ахвочых вучыцца за мяжой будуць браць пісьмовае абяцаньне вярнуцца ў Беларусь

Дазваляць выяжджаць ці не — будзе вырашаць Міністэрства адукацыі. Яно апублікавала пастанову з патрабаваньнямі да кандыдатаў, піша «Радыё Свабода».

Ministerstva adukacyi Архіўнае фота

Мінімальныя крытэры для маладых людзей, што сабраліся вучыцца за мяжой, наступныя:

  • вучыцца ў беларускай установе,
  • ведаць замежную мову ў патрэбным для навучаньня аб’ёме,
  • мець сярэдні атэстат не ніжэй за 8,
  • не падлягаць прызыву ці мець адтэрміноўку,
  • адпавядаць іншым умовам, зьвязаным з спэцыфікай атрыманьня адукацыі ў замежных арганізацыях (якім — у пастанове не тлумачыцца).

Яшчэ трэба трапіць у сьпісы ВНУ і адукацыйных структур абласных ці сталічнага выканкамаў.

У гэтых сьпісах для кожнага кандыдата павінна быць:

  • абгрунтаваньне мэтазгоднасьці накіраваньня на вучобу за мяжой,
  • характарыстыка асабістых і маральных якасьцяў,
  • інфармацыя пра посьпехі ў вучобе і навуцы.

Таксама кожны юнак ці юначка мусіць напісаць расьпіску з абяцаньнем вярнуцца ў Беларусь, вынікае з пастановы.