«Не бачу сэнсу». Міністр інфармацыі пра павелічэнне колькасці тэлепраграм на беларускай мове

У міністра інфармацыі Марата Маркава спыталі наконт беларускамоўных праграм на тэлебачанні і прапанавалі зрабіць не менш за 45% тэлевізійнага вяшчання на беларускай мове, піша «Наша Ніва».

markau.jpg
Марат Маркаў. Фота: Белта

«Нягледзячы на тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, тэлепраграм на беларускай мове няшмат. На асобных тэлеканалах на беларускай мове перадач няма зусім. Ці магчыма стварэнне большай колькасці тэлепраграм на беларускай мове? Так, каб не менш за 45% усяго тэлевяшчання ажыццяўлялася на беларускай мове?» — спыталі ў міністра інфармацыі.

У тэлеграм-канале міністэрства апублікавалі ягоны адказ.

Маркаў пагадзіўся, што «сапраўды, беларускамоўных праграм на ТБ не так шмат».

«Сітуацыя склалася не ўчора і паказвае на агульную сітуацыю ў грамадстве. Нагадаю, пра што ўжо пісаў у гэтай рубрыцы: прытым, што больш за палову грамадзян краіны згодна з апошнім перапісам назвалі менавіта беларускую мову роднай, размаўляе на ёй — менш за чвэрць насельніцтва.

Тут важна разумець, што проста так узяць і сказаць: „Цяпер 45% эфіру будзе на мове!“ — гэты падыход у рэаліях больш падобны да авантуры», — лічыць Маркаў.

Ён кажа, што «тэлеканалы зарабляюць на рэкламе і арыентуюцца на запыт гледача», а той, кажа Маркаў, хоча рускамоўнага кантэнту.

«У нас няма грамадскага тэлебачання, няма абавязковага штомесячнага збору Abonament RTV за валоданне тэлевізарам і збору на смартфоны, планшэты, ноўтбукі, тэлевізары як у Польшчы і шэрагу іншых еўрапейскіх дзяржаў. Тэлеканалы зарабляюць на рэкламе і арыентуюцца на запыт гледача. А толькі 1,1% тэлегледачоў, згодна з сацапытаннем 2025 года Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, аддаюць перавагу прагляду тэлевізійных праграм на беларускай мове. Яшчэ траціна апытаных адзначаюць аднолькавую ступень перавагі як рускай, так і беларускай моў у тэлекантэнце. І што паказальна, дзель тэлепрагляду нашага культурнага тэлеканалу Беларусь 3, дзе пераважаюць беларускамоўныя праграмы — у сярэднім 2,5%. Не ўлічваць гэтую рэальнасць мы проста не можам», — гаворыць Маркаў.

Ён кажа, што нельга «ўціскаць» рускую мову.

«Прывіваць любоў да беларускай мовы неабходна комплексна — праз культуру, адукацыю, інфармацыйныя рэсурсы. І дакладна без найменшага ўціскання іншай дзяржаўнай мовы.

Таму Міністэрства інфармацыі бачыць сваю задачу не ў штучным навязванні працэнтных суадносін, а ў стымуляванні стварэння тэлеканаламі якаснага, цікавага і канкурэнтаздольнага кантэнту на беларускай мове. 

Не бачу сэнсу ўскладняць дадзенае пытанне ў цяперашні час, з улікам усяго таго кашмару, які творыцца ў свеце. Галоўнае — любыя спробы публічна дыскрымінаваць якую-небудзь з дзяржаўных моў, гэтак жа як і любую іншую нацыянальную мову, дэманстраваць непавагу да яе павінны жорстка спыняцца ў зародку.

Таму Міністэрства інфармацыі бачыць сваю задачу не ў штучным навязванні працэнтных суадносін, а ў стымуляванні стварэння тэлеканаламі якаснага, цікавага і канкурэнтаздольнага кантэнту на беларускай мове.

Не бачу сэнсу ўскладняць дадзенае пытанне ў цяперашні час, з улікам усяго таго кашмару, які творыцца ў свеце.

Галоўнае — любыя спробы публічна дыскрымінаваць якую-небудзь з дзяржаўных моў, гэтак жа як і любую іншую нацыянальную мову, дэманстраваць непавагу да яе павінны жорстка спыняцца ў зародку. 

Менавіта абвастрэнне моўных, нацыянальных і рэлігійных пытанняў часта становіцца прычынай раскідання дзяржаў. А для Беларусі, дзе пражывае больш за 150 нацыянальнасцей, гэта больш чым актуальна», — кажа Маркаў.