Новая творчая прастора, дзе рады беларусам і не толькі, адкрылася ў польскай сталіцы 26 верасня, у Еўрапейскі дзень моваў. Сімвалічна, што яе адметным знакам стаў перасоўны помнік унікальнай беларускай літары «Ў».
Імправізаваны «помнік» літары «Ў» – скульптура аўтарства Натана Крышка і Монікі Орпік, утульная зала, дзе ў камернай атмасферы можна зладзіць прэзентацыю кнігі ці канцэрт, невялічкая страўня, дзе можна сустрэцца з сябрамі за кубачкам кавы і смачным тортам. Ну, і сама Плошча – невялікі дворык, што схаваўся ў глыбіні камяніц на вуліцы Добрай, 14 непадалёк ад Віслы і Цэнтра навукі «Капернік». Тут рады ўсім – не толькі беларусам, але і кожнаму, хто мае жаданне і натхненне ўвасобіць творчую задумку.
Аўтары скульптуры Моніка Орпік і Натан Крышк, фота са старонкі Плошчы Свабоды ў ФБ
– Цягам года я працавала над фотапраектам пра беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, і ў размовах з імі ўвесь час чула, што ў Варшаве не хапае месца, дзе можна было б сустракацца, размаўляць, ладзіць канцэрты, прэзентацыі, – пра задумку Плошчы Свабоды расказвае яе арганізатарка Моніка Орпік. – Так паступова зʼявілася ідэя супольнай прасторы, якая і сваёй назвай, і сутнасцю мае натхненне ў Плошчы Перамен у Мінску. Гэта месца сустрэчы не толькі для беларусаў, мы адкрытыя для прапаноў. Вашы ідэі можаце дасылаць на афіцыйную старонку Плошчы ў фэйсбуку, каб мы разам маглі рэалізоўваць новыя ініцыятывы на гэтым месцы. Спадзяюся, што Плошча Свабоды будзе жыць сваім жыццём, тут будзе праходзіць мноства розных імпрэзаў.
Беларусь для самой Монікі Орпік – краіна не чужая, яе прабабуля з Гродна. Таму дзяўчына сама стараецца актыўна працаваць у беларускай тэматыцы, а за апошні год стала фактычна беларускай актывісткай. Ад ідэі адкрыцця Плошчы да яе рэалізацыі прайшло літаральна некалькі месяцаў – усё дзякуючы падтрымцы уладаў Варшавы і фонду «Іншая прастора».
– Для мяне тэма Беларусі надзвычай актуальная, важная, – крыху раней казала Моніка ў сваім інтэрвʼю на беларуска-польскім радыё Wnet. – Мы вельмі блізкія, і падзеі апошняга месяца, што разгортваюцца на беларуска-польскай мяжы, гэта яшчэ раз даказваюць. Кожная нагода сустрэцца і паразмаўляць пра нашы агульныя пытанні, праблемы – важная, таму нельга пра гэта забывацца. І за тэмай беларускай рэвалюцыі стаяць не толькі страх і боль, рэпрэсіі, я ў тых размовах стараюся пабачыць надзею, творчае памкненне. І Плошча Свабоды паўстала менавіта са спадзявання на пазітыўны ход думак. Каб людзі, якія сюды прыходзяць, маглі не толькі дзяліцца сваімі страхамі, болем і думкамі пра родных у Беларусі, па якіх яны вельмі сумуюць, але і ствараць нешта новае.
Моніка Орпік з перакладчыкам
Фота Алісы Ганчар
Фота Алісы Ганчар
Распачала творчую праграму Плошчы Свабоды дыскусія пра тое, як можна дапамагаць беларусам у Варшаве, – з удзелам прадстаўнікоў Цэнтра Беларускай Салідарнасці, фонда Humanosh Моладзевага беларускага хаба, тут таксама адбыўся канцэрт праекта SYNTRIG разам з Svmerki.
Марына Весялуха, budzma.by
Фота (акрамя пазначанага): humanosh.org