Па традыцыі позняя восень у Беларусі — самы час для актывізацыі работ на аб’ектах спадчыны. І гэта не таму, што рамантыка і дэкаданс. Проста раней іншых клопатаў хапала. Дажынкі там, разумееце, піша Ян Бертонавіч на старонках выдання «Свабодныя навіны».
Вось і на Верхнім замку ў Полацку нядаўна пачаліся раскопкі — хоць планаваліся яшчэ ў траўні. Фатаграфіі бедных студэнтаў, якія выкалупваюць з вязкай жыжы рэшткі першай на нашых землях сталіцы — выдатны паказчык таго, як ідуць справы са «спадчынай». Ды і ўся гэтая нядаўняя гісторыя, якая здарылася з Верхнім замкам-таксама.
Раскопкі на Верхнім замку ў Полацку, кастрычнік 2021 года. Фота Кірыла Смалякова, gorod214.by
Археолагі спяшаюцца. Зусім хутка гэтае месца закатаюць у асфальт, і тады старажытны Полацк назаўжды будзе страчаны для вывучэння. Ледзь не упрытык да сцен Сафіі будуюцца карпусы кадэцкага вучылішча.
Верхні замак — гэта святая святых беларускай нацыянальнай ідэі. Менавіта тут зарадзілася наша першая дзяржава, тут Рагнеда адшыла нахрапістага жаніха, а потым выў на месяц Усяслаў Чарадзей. Канкрэтна тут, з дакладнасцю ледзь не да метра!
Пабудаваць у такім месцы інтэрнаты, спартзалы і цір — гэта прыкладна як ператварыць Красную плошчу ў дробнааптовы рынак тавараў з Кітая ці засеяць гарадзішчы Кернаў бульбай.
Зласліўцы, вядома, адразу ўбачылі ў гэтым рашэнні ідэалагічную дыверсію. Што нядзіўна. Сам кадэцкі корпус упершыню з’явіўся ў Полацку пры Расійскай імперыі — адсюль і шлейф асацыяцый.
Цяперашняе вучылішча ганарыцца сваёй пераемнасцю. Таму пра Канстанціна Астрожскага кадэты наўрад ці пачуюць, а вось рускіх цароў, мяркуючы па праекце экспазіцыі музея, яны будуць ведаць як родных. Плюс нядаўна стала вядома, што частка вучняў наогул прыедуць з Расіі — відаць, для мацнейшага выхавання патрыятызму сярод нашых вайскоўцаў.
Але асабіста я наважуся тут запярэчыць. Справа зусім не ў ідэалогіі — занадта высока бераце. Справа ў элементарным прагматызме. Так, як яго ў нас разумеюць чыноўнікі.
Маштабнасць планаў і неабавязковасць выканання
Пра ператварэнне Полацка ў турыстычную Меку пачалі казаць яшчэ пры Савецкім Саюзе. Але лёс Уладзіміра ці Чарнігава ён не паўтарыў. Справа абмежавалася толькі якаснымі кропкавымі рэстаўрацыямі — у першую чаргу, самой Сафіі. Чаго было яўна недастаткова.
Само сабой зразумела, пры незалежнасці гэтыя размовы сталі нашмат гучнейшымі. І датычыліся яны ў першую чаргу, вядома, Верхняга замка. Уладзімір Цялежнікаў і іншыя энтузіясты абівалі парогі кабінетаў, прапаноўваючы комплексны план рэгенерацыі гэтай тэрыторыі пад турыстычны цэнтр. Чыноўнікі, вядома, падтаквалі, але на самой справе — адмахваліся ад іх, як ад назойлівых мух.
Спрачацца пра дэталі плана можна да бясконцасці, што вельмі любяць рабіць нашы яэнтузіясты. Як аднаўляць, на які перыяд, якія павінны быць функцыі ў гэтых будынкаў, каму і за што ставіць помнікі ... навукоўцы і проста зацікаўленыя людзі доўга абмяркоўвалі ўсё гэта на круглых сталах і канферэнцыях.
Нарэшце іх спадзяванні знайшлі адлюстраванне ў сур’ёзным дакуменце — комплекснай праграме развіцця Полацка на 2008-2015 гады, прынятай на самым высокім узроўні.
«Інвестыцыйныя праекты па Верхнім замку шыкоўныя — проста мара турыста. Тут хочуць узнавіць страчаныя будынкі базыльянскага кляштара, музеефікаваць руіны храмаў і грамадзянскіх пабудоў XII стагоддзя, стварыць цэнтр гісторыі і археалогіі Полацка — на яго базе арганізаваць пастаянна дзеючую археалагічную экспедыцыю і прыцягнуць да раскопак валанцёраў. У планах — музей гісторыі беларускай дзяржаўнасці, пешаходны мост, абарончыя вежы, назіральныя пляцоўкі, вялікія і маленькія гасцініцы, кафэ ў сярэднявечным стылі», — яшчэ нядаўна апісвала перспектывы самая салідная газета.
Гэтая праграма магла ператварыць звычайны правінцыйны гарадок (якім Полацк, на жаль, з’яўляецца па сённяшні дзень) у магутны турыстычны цэнтр. Планаў было шмат, і датычыліся яны не толькі Верхняга замка. Скажам, у былым Доме афіцэраў — цудоўным узоры Савецкага ампіру — ужо гадоў шэсць таму павінен быў адкрыцца музей гісторыі горада.
Радасныя энтузіясты тады не разумелі простую рэч: маштабнасць планаў у нас кампенсуецца неабавязковасцю іх выканання.
Таму ў Доме афіцэраў да гэтага часу абсыпаецца тынкоўка. Праўда, гавораць, шматгадовая эпапея скончылася, хутка рэканструкцыя. Але замест музея там будзе куды больш патрэбны аб’ект — ваенная кафедра.
Дом афіцэраў у Полацку, фота gorod214.by
Тлумачэнне ўсяму гэтаму простае: няма грошай! У сэнсе ў бюджэце. Інвестары-багачы ўкладвацца ў музей дзяржаўнасці таксама не паспяшаліся — што ў прынцыпе нядзіўна.
Гады ішлі, закінутыя карпусы бальніцы на Верхнім замку паступова развальваліся, тэрыторыя дэградавала...
Але раптам грошы знайшліся! Прычым менавіта ў дзяржказне! Прычым адразу і шмат: усе працы планавалася завяршыць гады за тры. Але зусім не на будаўніцтва знакавага турыстычнага комплексу, які меў нядрэнную перспектыву рэнтабельнасці, а проста на аб’ект адукацыі, які ўвогуле можна было размясціць дзе заўгодна.
Думаю, справа была так. Хтосьці (куды больш уплывовы, чым усе нашыя навукоўцы) пралабіраваў будаўніцтва кадэцкага корпуса, і яно ўвайшло ў Дзяржінвестпраграму. А хтосьці без ценю сумневу вылучыў пад будоўлю закінуты і прыдатны ўчастак. Прычым усе гэтыя рашэнні, як мне здаецца, прымаліся без задняй думкі і на не вельмі высокім узроўні.
Можа, мясцовыя ўлады нават з палёгкай уздыхнулі: фу, пазбавіліся! А то ад гэтых замкаў адны праблемы.
Прывід Пятра
Хтосьці, вядома, нагадае, што кадэцкі корпус пры цары гароху размяшчаўся менавіта там, дзе ён зараз будуецца. Гэта значыць усё гістарычна. Але, як па мне, аргумент слабаваты. Скажам, іншы цар, Пётр, наагул ператварыў Сафію ў парахавы склад, папярэдне па п’янай лавачцы выразаўшы яе клір. Дакладна, не ўсе гістарычныя факты — прыклады для пераймання.
Вось і ў Гродне мясцовыя ўлады не сталі ператвараць Стары замак у казармы, як гэта калісьці было. А замест гэтага вярнулі яму каралеўскі выгляд (прэтэнзіі некаторых гісторыкаў да некаторых дэталяў — тэма асобная). І ў горадзе з’явілася яшчэ адна візітоўка.
А тое, што ў музеі кадэцкага вучылішча будзе размешчаны партрэт таго самага Пятра — гэта, вядома ж, сімвалічна.
Плітачка і кветнічкі
Для паўнаты карціны тут дарэчы будзе ўспомніць гісторыю Мінскага замчышча. У пачатку 80-х мне давялося пабываць на раскопках, якія ладзіў там Георгій Штыхаў. І ўжо тады было зразумела, што гэтыя вузкія вулачкі XII стагоддзя са счарнелымі зрубамі — сапраўдная бомба, здольная разарваць свядомасць сучасніка.
Гэта як быццам новае вымярэнне гісторыі Мінска. Таго звыклага нам панэльнага горада, дзе самаму старому будынку ўсяго толькі гадоў чатырыста.
фота holiday.by
Зрубы ледзь не знішчылі пры будаўніцтве метро, але ўсё ж закансервавалі — чытай закапалі назад. Гісторыкі песцілі мару зрабіць там музей — і тым самым пашырыць бачную гісторыю Мінска гадоў на пяцьсот.
І вось да канца двухтысячных нарэшце ўсё зрушылася з мёртвай кропкі. У прэсе з пенай у рота абмяркоўваліся канцэпцыі грандыёзнага музейнага комплексу. Дакладней, толькі верхняя яго частка: усе, вядома, сыходзіліся ў тым, што яго ядро — гэта як раз тая ўнікальная аўтэнтыка, якая захавалася пад зямлёй.
Хтосьці прапаноўваў пабудаваць на паверхні макет старажытнага горада, хтосьці — аднавіць кварталы пачатку ХХ стагоддзя, хтосьці пераконваў гэтае месца наогул не забудоўваць, таму што ўсё вакол і так заурбанізавана.
Барацьба добрага з лепшым вялася не на жыццё, а на смерць. У выніку — татальная нічыя. Улады спачатку правялі конкурс, а праз нейкі час адмянілі яго вынікі, спаслаўшыся на тое, што навукоўцы яшчэ не прыйшлі да агульнай высновы. І, вядома, паабяцаўшы вярнуцца да гэтай тэмы.
Пасля чаго тэма адразу і назаўжды знікла з навіновага парадку дня. Аб Мінскім замчышчы трывала забылі. Бо гэта вельмі дорага! А пару гадоў таму быў апублікаваны рэндэр, дзе сакральны для сталіцы пятачок прапаноўвалася пакрыць плітачкай і засадзіць кветнічкамі. І прыгожа, і рацыянальна!
...Ну, ды гэта яшчэ паўбяды. Прыбраць квеьнічкі, каб адкрыць доступ да ўнікальных артэфактаў — справа няхітрая. Асабліва, калі да ўлады нарэшце прыйдуць людзі з іншым мысленнем.
А вось выкарчаваць з Верхняга замка спартзалы і ціры будзе несувымерна затратней і складаней.