13 лютага Полацкі музей беларускага кнігадрукавання атрымаў каштоўны падарунак. Маскоўскі бізнесовец полацкага паходжання Андрэй Макагон купіў на адным з заходніх аўкцыёнаў кнігу, выдадзеную ў 1826 годзе ў Полацку ў ліцэі піяраў.
Кнігу перадаў музею вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў.
– Палачанін па нараджэнні, цяперашні жыхар Масквы, бізнесовец Андрэй Макагон на аднім з заходніх аўкцыёнаў набыў нядаўна кнігу, выдадзеную ў полацкай друкарні ліцэя піяраў у 1826 годзе. Гэта “Імша”, вельмі цікава, шыкоўна, грунтоўна выдадзеная ў двух колерах, з мастацкімі застаўкамі, з календарамі.
У фондах Полацкага музея дасюль не было ніводнай кнігі, выдадзенай у полацкім ліцэі піяраў. Супрацоўнікі музея паабяцалі, што каштоўная кніга абавязкова зойме месца ў музейнай экспазіцыі, а не будзе схаваная ў фонды.