Як па-беларуску размаўляць пра алкаголь?

У беларусаў ёсць шмат эпітэтаў, каб расказаць пра алкаголь і свой стан пасля ўжыванню спіртных напояў. Шэраг фраз сапраўды красамоўныя, і спачатку можна нават і не падумаць, што яны менавіта пра алкаголь...

PALATNO расказвае, як размаўляць пра алкаголь выключна па-беларуску.


Bielarusy i alkahoĺ
Выява згенераваная штучным інтэлектам

Як называць алкаголь

У беларусаў ёсць шмат эпітэтаў, каб апісаць алкагольныя напоі. Беларусы пілі розны алкаголь, аднак усё ж такі самымі папулярнымі сталі гарэлка і самагонка. І вось як іх называлі нашы продкі:

Шкляны Бог — гарэлка, спіртное: «Паэт меў некаторую склоннасць да «шклянога бога»».

Чортава зелле — гарэлка: «Адзін Юрка канец з канцом чуць-чуць звяжа. І каб то сям’ёй праз лад ужо абсыпаўся ці там гультаём такім ужо ўдаўся, абы, не тут кажучы, да чортавага зелля ласым быў, — думаць!».

Зладзейка з наклейкай — гарэлка: «Ёсць і такія механізатары, хто жыве па прынцыпу: абы дзень да вечара, а там хоць трава не расці. Адзін клопат: знайсці зладзейку з наклейкай».

Зялёны змей — гарэлка ці п’янства: ««Зялёны змей» губіць сем’і не толькі са здзіўляючай метадычнасцю, але і ва ўсё больш узрастаючых маштабах».

Царскія слёзы — гарэлка: «У канцылярыі, у шафе сярод «гражданских и уголовных дел» стаяла бутэлька з «царскімі слязьмі», як называлі тады гарэлку, да якой часта прыкладваўся Пятро Восіпавіч і ў часы сваіх заняткаў у воласці».

Малако ад шалёнай каровы — самагонка: «Сяргей прыхільна глядзіць на Грыбіна. Бярэ з яго рук конаўку, адпівае глыток белай, як малако, вадкасці і зараз жа з агідай выплёўвае. Малако ад шалёнай кароўкі».

Bielarusy i alkahoĺ
Выява згенераваная штучным інтэлектам

Як сказаць, што ты выпіваеш алкаголь?

Існуе шмат варыянтаў, як беларусы могуць сказаць, што яны выпіваюць алкаголь. Мы падабралі і самыя папулярныя выразы, і самыя красамоўныя, якія занатоўвалі нашы пісьменнікі.

Бачыць шклянога Бога — выпіваць, напівацца спіртнога: «А то ў вас ёсць такі дзядзька Дзяніс, ён, мусіць, учора бачыў шклянога бога, бо крычаў: «Сваімі рукамі Бокуця задушу...»»

Браць у губу — піць спіртное: «Порхаўку трэба так страсянуць, каб выбіць з яго гультая. Дый Порхаўка залішне бярэ ў губу».

Вадзіць казу — хадзіць гуртам у стане ап’янення, у другім значэнні — п’янстваваць, напівацца: ««Вадзілі казу» беларускія творцы і да вайны, натхніцелямі былі такія геніі, як Алесь Кучар, і ён жа даносіў на п’яную «свабодалюбівую» балбатню сваіх калег».

Закідваць (заліваць) за гальштук — выпіваць, напівацца: «Напарнікам быў Сураў, акружэнец. Рашучы хлопец, але трохі таго, за гальштук любіў закінуць».

Пад газам — у стане лёгкага ап’янення: «Усе добра ведалі, што абодва грузчыкі пастаянна ў час работы знаходзіліся «пад газам»».

Глядзець у бутэльку (у чарку) — выпіваць, напівацца: «Я лічу, што добрым брыгадзірам быў бы Рыгор Чэчат. І грамату знае, і зямлю ведае не горш за Шалестуна. І ў бутэльку не глядзіць».

Закусваць рукавом — нічым не закусваць пасля выпіўкі: «Ля ларка я так, як некаторыя, цьфу ты, ніколі рукавом не закусваў».

Заліваць чарвяка — выпіваць спіртное: «Раз у Смаленску запыняе мяне абарваны чалавек інтэлігенцкага аблічча: «Дайце мне, барышня, на выпіўку». — «А колькі ж вам даць?..» — «Ну, дайце, каб можна было чарвяка заліць». — «Разуменне «заліць чарвяка» — рэч неазначаная і расцяжная: аднаму і кручка даволі, а для другога кручок — кропля ў моры».

Па маленькай — нямнога выпіць: «Мяне Барыс Мікалаевіч апякуе. Часам і да мяне заходзіць, дык мы з ім па маленькай возьмем».

Заліваць вочы — напівацца, напойваць каго-небудзь: «Другі... вочы штодзень залівае ды яшчэ хоча, каб жонка яму і слова супраць не сказала».

Заліваць горла (рот) — напойваць каго-небудзь, даводзіць да стану ап’янення: «Цяпер жа Захар рыхтуе грунт сабе ў межах воласці, шчодра заліваючы горлы прагавітых на вытуку сваіх выбаршчыкаў».

Наступіць на корак — выпіць спіртнога: «Гаварыў ён хрыпата і ўцешна, размахваў рукамі — па ўсім было відаць, што наступіў на корак».

Панюхаць корак — выпіць спіртнога: «— Нешта ты сёння кіслы, — заўважыў Уладзік. — Няўжо нідзе не давялося панюхаць корак?».

Прамачыць горла — выпіць трохі спіртнога: «Сястрыца, дай яму чарку гарэлкі, каб прамачыў горла».

Глядзіце яшчэ: 


А як сказаць, што ты ўжо п’яны?

І, вядома, ёсць шэраг фраз, як можна патлумачыць свой стан алкагольнага ап’янення. Вось прыклады:

На брывах — у стане моцнага ап’янення: «Супец з хаўруснікамі ў гатэлі там абмылі «гістарычныя дакументы», што Насця з імі дні тры не размаўляла. Не, вярнуўся ён не на брывах, але нагаварыў ёй такога...».

Пад градусам — у стане ап’янення: «За старасту цяпер быў той самы Ціт Мірончык, часта хадзіў пад градусам, рыжы чалавек, з закручанымі рыжымі вусамі».

Хмель ударыў у галаву — ап’янець: «У жываце стала цёпла, хмель ударыў у галаву, і механізм разладзіўся: рухі сталі недакладнымі, язык — непаваротлівым, рукі і ногі — цяжкімі».

Пад хмяльком — у стане ап’янення: «Збіраліся з сябрамі пасля змены. Стаў я ўсё часцей прыходзіць пад хмяльком».

Пад чаркай — у стане алкагольнага ап’янення: «А ты не бачыў, які Леўчык дамоў ідзе. Заўсёды пад чаркай».

Пад шафэ — у стане ап’янення: «Канечне, Масальскі быў пад шафэ. Ён у новенькім трыковым гарнітуры, ласкавых новых туфлях».

Пад мухай — у стане ап’янення: «Набажэнства ў царкве ён, бацька Уладзімір, заўсёды правіў пад мухаю».

Мокнуць у гарэлцы — п’янстваваць, многа і часта піць: «Той яму не сказаў проста ў вочы, а намякнуў, што ён, Стрынадка, мокне ў гарэлцы, а работа быццам яму ні ішла ні ехала».

На ўзводзе — у стане алкагольнага ап’янення: «Марцін жа перад тым наведаўся к суседу, там выпіў як належыць, закусіў, ну і на ўзводзе быў, вядома».

Пад мухай — у стане ап’янення: «Старэйшы вахман... амаль штодня быў «пад мухай» і пра каманду мала дбаў, спадзеючыся на другога вахмана».

На падпітку — у стане лёгкага ап’янення: «Ці ты позна прыйшоў, ці рана, ці цвярозы, ці на падпітку... усё адно не дагодзіш жонцы, знойдзе, да чаго прыдрацца».

Bielarusy i alkahoĺ
Выява згенераваная штучным інтэлектам

Як сказаць, калі ты п’яны і табе кепска? Ці калі ты проста моцна п’яны?

А як можна патлумачыць свой стан, калі ты ўжо выпіў? А калі табе кепска ад алкаголю? А калі ты цвярозееш? Тут таксама ёсць шмат варыянтаў, выбірайце любы да спадобы.

Мора разліўное — гулянка з выпіўкай, п’янка: «Валянцін баяўся мора разліўнога і гэтых заўсёдных угавораў у кампаніі — чаркі Валянцін не любіў». Таксама гэты выраз ужываецца як тлумачэнне чагосьці ў вялікай колькасці».

Адпіць мазгі — страціць здольнасць нармальна паводзіць сябе: «Цяпер кожны з іх з той жа згодай меркаваў і гадаў, чаму ж ён памёр: — Дзеўка тая яго і замучыла. Давяла да магілы. — Ад гарэлкі сканаў. Адпіў мазгі».

З п’яных вачэй — будучы нецвярозым, у стане ап’янення рабіць што-небудзь: «Не помню ўжо, якую яшчэ лухту нёс я тады з п’яных вачэй, толькі бачу — Аня апранаецца і Генку таксама забірае».

Лыка не вяжа — такі п’яны, што ледзь гаворыць: «Ляснік не вязаў лыка, і пра Шашолкавы сады ў той вечар я нічога ў яго не дапытаўся б...»

Ганяць гусей — ісці хістаючыся, там кажуць пра п’янага чалавека: «Лядзяш, ацяжэлы, лічы, віснуў на Алесевым плячы і, як кажуць, ганяў гусей — хістаўся ўбакі, гроб нагамі зямлю, падаў».

Ездзіў у Рыгу — калі каго-небудзь званітавала, звычайна пры моцным ап’яненні: «Толькі помніцца, як праз сон бачыў, што два разы ездзіў у рыгу... і як гаспадар, выйшаўшы з-за буфета, абзываў свіннямі і хацеў выгнаць вон...».

Набрацца як жаба гразі — вельмі моцна, пра п’янага: «А то ж бывае, што возьме каторы ды набярэцца здуру як жаба гразі».

Закідваць (заліваць) за каўнер — моцна напівацца: «Вялікія людзі не дурні былі за каўнер закінуць. Вазьмі любое кіно — п’юць».

Па п’янай лавачцы — будучы ў нецвярозым стане рабіць што-небудзь: «Мужыкі нашы кажуць, што прызнаваўся па п’янай лавачцы — у грамадзянскую знаходзіўся ў бацькі Махно, а затым увесь час замятаў сляды».

Не прасыхаць — беспрабудна п’янстваваць: «Данька сыпаў грашыма налева і направа, сам не прасыхаў і дружбакоў вадзіў цэлую кампанію за сабой».

Пад п’яную руку — у стане ап’янення рабіць штосьці: «Хлопцы не разумелі: ці не прагаварыліся яны ўчора пад п’яную руку».

Хмель вылецеў з галавы — хтосьці хутка працверазіўся: «Усё набывала рэальныя фарбы, і ён пачынаў шкадаваць аб гэтым. Няўжо толькі таму, што вылецеў хмель з галавы?».

Чытайце яшчэ: 

Танцы з мядзведзямі, гарадскія пажары, згубленая карона. Як пілі ў ВКЛ

Як мянялася стаўленне беларусаў да гарэлкі і да чаго тут Паўночная вайна?