Міхал Клеофас Агінскі — кампазытар, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, сэнатар Расейскай Імпэрыі. Граф, удзельнік паўстаньня Т. Касцюшкі, двойчы эмігрант, выдатна прыняты пры большасьці каралеўскіх двароў Эўропы, добра знаёмы з імпэратарамі Напалеонам І і Аляксандрам І. У 1826 — 1827 у Парыжы выдаў 4-томныя “Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.” (на францускай мове, у 1870 — 1873 перакладзеныя на польскую мову), у якіх неаднойчы ўзгадвае пра свае беларуска-літвінскія карані. Таксама напісаў “Лісты пра музыку” (1828, выдадзеныя ў 1956). Меў асабістае знаёмства з В.А.Моцартам і Ё.Гайднам, а таксама быў вучнем такіх выбітных майстроў як П.М.Ф.Баё, Ч.Ф.Ляфона, Т.Кампанэлі.
Найлепшыя свае гады Міхал Клеофас правёў у Маладэчне і Залесьсі блізу Смаргоні. Верагодна, што там жа ён і напісаў свой самы знакаміты палянэз!
Мэмуары Міхала Клеофаса Агінскага павінны нарэшце пабачыць свет па-беларуску!
Надышоў час дзеля іхняга перакладу, бо пераклад на беларускую мэморыяў жыцьця вялікага дзеяча дасьць магчымасьць дакрануцца да часоў 18 — 19 стст. – Эпоху Вялікага Злому, калі зьнікла старадаўняя наша дзяржава, а таксама спазнаць зь першакрыніцы пра лад і культуру тых часоў, ды і пра само жыцьцё і дзейнасьць М.Кл.Агінскага! Пераклад мэмуараў М.Кл.Агінскага на беларускую мову дасць несумненныя падставы ганарыцца вялікім дзеячом. Надрукаваўшы ўспаміны Міхала Агінскага, займеем павагу да сябе, як нацыі, якая не забываецца на сваіх герояў і памятае пра карані і такіх знакавых асоб, як найвыдатны грамадзкі дзеяч, дыплямат і творчая асоба пачатку 19-га стагодзьдзя М.Кл.Агінскі! Дакранемся ж да жыцьця і мудрасьці нашай выбітнай асобы!
Ужо перакладзеныя першыя тры тамы мэмуараў, а таксама “Мая біяграфія”і “Назіраньні за падзеямі … у 1830 — 31гг.”. Яны таксама будуць выдадзеныя непасрэдна разам з Мэмуарамі. Перакладам займаўся пан Вольф Рубіньчык — палітоляг, перакладчык, дасьледчык, журналіст і вядомы шахматыст. Пераклад наступнай часткі №4 зойме да 2 месяцаў. Высокаякасны пераклад 4-га тому дазволіць пачаць падрыхтоўку да поўнага выданьня “Мэмуараў”.
У плянах таксама прыцягнуць да справы кваліфікаваных гісторыкаў дзеля стварэньня навуковага камэнтару і тлумачэньняў. Гэтая праца будзе доўжыцца да 4 месяцаў. Чакаецца, што выданьне мэмуараў М.Кл.Агінскага па-беларуску стане якасна новым прадуктам з пункту гледжаньня прапрацоўкі ягонай эпохі і азнаямленьня зь ёй праз асобу выбітнага земляка. А таксама дасьць магчымасьць зразумець, адчуць тую гістарычную сытуацыю, калі зьнікла нашая старадаўняя Айчына, каб знайсьці яе дзеля сябе… каб знайсьці сябе ў мінулым – тымі, кім мы ёсць! Кожны партнэр праекту атрымае магчымасьць набыць выданьне з друку па ільготным кошце, альбо нават у падарунак, але гэта залежыць ад узроўню вашай дапамогі!
Электронная вэрсія зьявіцца праз 6 месяцаў пасля заканчэньня збору грошай, друкаваная вэрсія зьявіцца ў верасьні 2017 года. Плануецца друк у літоўскім выдавецтве.
Зробленыя ўжо шмат крокаў – застаўся адзін, бо трэба для Беларусі выдаць мэморыі жыцьця М.Кл.Агінскага, каб былі героі, кім ганарыцца. Каб была гісторыя – з першакрыніцы, з вуснаў удзельніка гістарычных падзеяў, таму што трэба ведаць усё, як было насамрэч і такія мэморыі – найлепшая магчымасьць!
Дзякуем Вам за падтрымку і працягваем разам спасьцігаць мінулае на падставе ўласных адчуваньняў!
Што кожны з нас можа зрабіць дзеля праекту?
ВЫ можаце ахвяраваць любую суму грошай, кожны рубель спатрэбіцца для справы. Са свайго боку мы прапануем вам розныя цікавосткі:
шчырыя падзякі, ганаровыя граматы, сувэніры, запрашэньне на Баль ў старажытным палацы, а таксама “Мемуары… М.Кл.Агінскага” па-беларуску!
Паводле арганізатараў