Абвешчана праграма літаратурнага фестывалю PRADMOVA ў Вільні і Празе

VII Міжнародны фестываль PRADMOVA вяртаецца з новай праграмай, якая аб’яднае Вільню, Прагу, Познань і Варшаву ў адзіным літаратурным, мастацкім і дыскусійным дыялогу.

Pradmova

Сёлетні логунг фестывалю — «Птушкі без гнёздаў» — адсылае да асобы Ларысы Геніюш, якая стала сімвалам нязломнасці і вернасці сваім ідэалам.

PRADMOVA — гэта найбуйнейшы міжнародны фестываль інтэлектуальнай кнігі, які стаў пляцоўкай падтрымкі і папулярызацыі беларускай культуры па-за межамі краіны. Ён збірае аўтарак і аўтараў, выдаўцоў і выдаўчынь, даследчыц і даследчыкаў, чытачак і чытачоў з розных краін свету, ствараючы прастору для адкрытага дыялогу, творчасці і культурнага абмену. Фестываль падтрымлівае разнастайнасць інтэлектуальных фарматаў — ад традыцыйных кніжных праектаў да эксперыментальных культурных практык.

Праграма і гарады Pradmova 2025

Вільня (10–12 кастрычніка)

Фестываль распачнецца ў Вільні, дзе гасцей PRADMOVA чакае некалькіх дзясяткаў цікавых імпрэз.

Аматаркі і аматары літаратуры могуць паўдзельнічаць у размове пра Беларусь з літоўскімі пісьменнікамі, дыскусіі пра постфікшн, гутарцы пра сацыяльныя перамены і ролю пісьменніка ў фіксацыі нацыянальнай гісторыі, а таксама ў размове з нагоды выхаду анталогіі, прысвечанай гісторыі фемінізму і правам жанчын у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Асаблівай падзеяй віленскай PRADMOVA стане прэзентацыя аўтабіяграфічнага рамана «Яблык у валізцы» Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife), франтмена гурта Gods Tower, — гісторыі ў стылі магічнага рэалізму, дзе сны, успаміны і рэчаіснасць сплятаюцца на фоне эпохі перамен. Аўтар пачытае фрагменты тэксту і падзеліцца невядомымі фактамі свайго жыцця.

У праграме віленскага фестывалю запланавана прэзентацыя новага выдання «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» Сяргея Дубаўца, у якой возьмуць удзел героі нефармальнага моладзевага руху 1980-х.

Для дзетак фестываль падрыхтаваў спектакль «Сумны суп» паводле твораў Вольгі Гапеевай ад тэатра «Прыехалі». Гэты сямейны спектакль запрашае задумацца пра сяброўства, веру ў сябе і павагу да іншых.

Не абыдзецца без канцэрта віленскіх клезмераў і многіх іншых цікавых мерапрыемстваў на самы розны глядацкі і чытацкі густ.

Партнёры віленскай праграмы фестывалю: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і сайт bellit.info, Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, клуб «Paviljonas».

Сёлета фестываль у Вільні чакае гасцей на дзвюх пляцоўках: Клуб «Paviljonas» (Pylimo g. 21B; тут адбудзецца і кніжны кірмаш ад беларускіх выдавецтваў) і Беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g. 20).

Глядзець праграму цалкам можна тут.

Прага (24–26 кастрычніка)

У Празе PRADMOVA стане пляцоўкай для сустрэчы беларускай і сусветнай культур, перадусім чэшскай.

Сярод цэнтральных падзей пражскага фестывалю — панэльная дыскусія «Беларусь і Чэхія ва ўзаемных уяўленнях». Гісторыкі і журналісты з дзвюх краін абмяркуюць гісторыю і сучасны стан адносін паміж Беларуссю і Чэхіяй, разгледзяць пытанні культурных сувязяў, узаемных стэрэатыпаў і магчымасці для новага збліжэння.

У працяг размовы пра беларуска-чэшскія сувязі — прэзентацыя рамана Мілаша Урбана «Сямікасцёлле» з удзелам аўтара і перакладчыка Сяргея Сматрычэнкі.

Важнай часткай праграмы стане прэзентацыя цыкла гістарычных раманаў Крысціны Сабаляўскайце «Silva rerum» у перакладзе Сяргея Шупы — знакавых для літоўскай літаратуры твораў, якія дапамогуць асэнсаваць агульны культурны наратыў Цэнтральнай Еўропы.

Госці фестывалю атрымаюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з выданнямі часопіса Arche, якія выйшлі ў 2023–2024 гадах і ў выніку рэпрэсій засталіся амаль па-за ўвагай.

Праграма PRADMOVA ўключае дыскусіі і выступы, прысвечаныя нацыянальнай гісторыі, дэмакратыі і інклюзіўнасці, аналізу беларускай жаночай і квір-літаратуры, размову пра будызм ад Макса Шчура і малавядомыя старонкі беларускага самвыдаву.

Кінапраграма PRADMOVA ў Празе прэзентуе кароткаметражку «Суд мёртвых», пасля якой запланавана дыскусія пра адлюстраванне падзей 2020 года ў мастацтве.

Фінальнай імпрэзай фестывалю ў Празе стане аўтарскі вечар Андрэя Хадановіча «Дзень роўны жыццю».

Партнёры пражскай PRADMOVA: «Беларускі інстытут у Празе» і Грамадзкае аб’яднаньне «Пагоня».

Глядзець праграму цалкам можна тут.

7–9 лістапада PRADMOVA наведае Познань, а завершыцца фестываль 21–24 кастрычніка ў Варшаве. Польская праграма не саступіць ні Вільні, ні Празе. 

PRADMOVA 2025 гэта не проста фестываль, а месца, дзе слова, як птушка ў палёце, мае свой вольны прастор. Гэты праект, які стварае ўмовы для сустрэчы розных галасоў і думак, што разам набываюць моц. Фестываль таксама мае праграму анлайн, што дазваляе ўдзельнічаць, дзе б вы ні былі.