Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра паспяховыя праграмы па прафілактыцы наркаманіі сярод моладзі, якія рэалізуюцца ў заходніх краінах, а таксама параўноўвае іх з беларускімі.
Так склалася ў нашым грамадстве, што бацькі і настаўнікі ў большасці выпадкаў пачынаюць цікавіцца праблемамі наркаманіі толькі тады, калі дзеці ўжо паспрабавалі наркотыкі альбо стала іх ўжываюць.
Бацькі ў сваёй большасці, трапіўшы ў такую сітуацыю, не гатовыя ў поўнай меры давярацца настаўнікам ці медыкам, пакуль становішча не робіцца зусім крытычным. Тут прычына ў неінфармаванасці, адсутнасці ўцямных інструкцый для людзей, якія сутыкнуліся з трагедыяй у сваёй сям'і.
Дзяржаўная сістэма Беларусі, якая за многія гады свядома мінімізавала ўдзел грамадзян і супольнасцяў у жыцці грамадства, фактычна, не ўзяла на сябе задачу прафілактыкі наркаспажывання сярод маладых людзей.
Але бацькі ўсё адно спадзяюцца і апелююць да сістэмы адукацыі ў гэтых пытаннях, а настаўнікі, у сваю чаргу, – да бацькоў і міліцыі. І так па коле.
Чытайце таксама: Ці парушае правы дзяцей анкетаванне ў школах?
Асноўны фактар такога становішча, якое не змяняецца дзесяцігоддзямі, на маю думку палягае ў адсутнасці разумення неабходнасці навуковага падыходу і распрацоўкі стратэгіі для пабудовы на ўзроўні краіны.
Асноўны падмурак прафілактыкі – правы асобы і яе роля ў соцыуме
Адна з галоўных праблем нашага грамадства – неўсведамленне прававых аспектаў функцыянавання супольнасці як арганізма, складзенага з паўнавартасных асоб. Асабліва ў выпадку парушэння правоў самых юных удзельнікаў соцыуму.
Калі грамада дапускае парушэнне правоў асобы, яна спыняе сваё існаванне як грамада, бо асобы не бачаць сэнсу ў сацыяльна адказных паводзінах. І такім чынам чалавек наносіць шкоду не толькі грамадству, але ў выніку і сабе.
На Захадзе рэалізуецца шмат праграм па прафілактыцы наркаманіі сярод моладзі, бо грамадства там пакутуе ад гэтай праблемы ў нашмат большай ступені, чым беларускае.
Галоўны падмурак для такога кшталту працы базуецца на стратэгіі ўсебаковага грамадскага ўплыву на асобу і рэакцый дзяцей і моладзі на гэта. Большасць такіх праграм абапіраецца на працы вядомых навукоўцаў-сацыёлагаў.
Адзін з пасылаў прафілактычнай працы – маладая асоба абірае тыя паводзіны ў грамадстве, якія прымаюцца супольнасцю (на яго суб'ектыўную думку).
А праз тое, што "праблемнае захаванне" (у тым ліку ўжыванне наркотыкаў) заўжды выклікае шокавую рэакцыю сярод дзяцей і моладзі, маладыя людзі надаюць яму больш увагі і імкнуцца капіраваць.
Правы асобы і іх рэалізацыя цесна звязаныя з успрыманнем асобнага індывіда і рэакцыяй на яго паводзіны супольнасці. Іх улік неабходны для гарманічнага выхавання і сацыяльнай адукацыі. Бо чалавек, асабліва ў маладым узросце, можа адмоўна рэагаваць на несправядлівасць з боку соцыуму. Што прыводзіць да "праблемных паводзін" наперакор соцыуму і агульнапрынятым правілам.
Прыклад прафілактычнай праграмы
Школьныя ўстановы ў Еўропе абіраюць праграмы ў залежнасці ад меркавання настаўнікаў і падлеткавых псіхолагаў, якія робяць высновы з улікам мясцовых асаблівасцяў і патрэбаў вучняў.
Кожная прафілактычная праграма рэалізуецца для настаўнікаў, бацькоў і дзяцей (звычайна з 11-12 гадоў).
Напрыклад, праграма Unplagged якая рэалізуецца ў большасці краін Еўрасаюза, прадугледжвае папярэдняе навучанне для трэнераў персаналу школ, а толькі потым – для настаўнікаў і школьных псіхолагаў.
Бацькоў у межах прафілактыкі Unplagged на працягу заняткаў (да 9 гадзін агулам) інфармуюць аб магчымасцях уплыву сям'і на падлеткаў з групаў рызыкі, неабходнасці і тэхніках развіцця аўтаноміі маладога чалавека ў соцыуме, аб магчымых спосабах выкарыстання "канфлікту пакаленняў" для развіцця псіхалагічнага камфорту ў сям'і. Асобны блок – развіццё ў падлеткавым узросце пачуцця адказнасці за магчымыя "эксперыментальныя рызыкоўныя паводзіны".
Пры працы з дзецьмі ў праграме выкарыстоўваюцца напрацоўкі сучасных псіхолагаў у сферы сацыяльных паводзін асобы. Улічваецца ўплыў на індывідуума досведу атачэння і капіяванне паводзінаў публічных аўтарытэтаў – музычных выканаўцаў, артыстаў і г.д.
Падчас заняткаў па праграме дзяцей вучаць ставіць правільныя мэты, знаходзіць месца ў соцыуме. Што дапаможа супрацьстаяць ціску атачэння, прымаць здаровыя рашэнні на падставе імкнення да развіцця, а не рызыкоўных паводзін з наркотыкамі і іншымі псіхаактыўнымі рэчывамі.
Дзяцей вучаць аналізаваць свае эмоцыі і крытычна падыходзіць да інфармацыі, якая трапляе з інтэрнэту, СМІ, распаўсюджваецца сябрамі і знаёмымі.
Вельмі паказальна, што у такога кшталту праграмах заўважная ступень увагі, якая надаецца захаванню балансу паміж неабходнасцю фарміравання паўнавартаснага ўдзельніка соцыуму і ў той жа час, асобнага, самадастатковага грамадзяніна, які ёсць для грамадства галоўнай каштоўнасцю.
Такім чынам, бачна, што праграмы прафілактыкі больш нагадваюць паўнавартасныя псіхалагічныя трэнінгі.
Пры спалучэнні такога кшталту адукацыйнага комплексу з альтэрнатыўным спартыўным альбо мастацкім выхаваннем, як гэта робяць у Ісландыі – вынікі толькі выклікаюць зайздрасць.
У Беларусі бракуе разумення ролі правоў асобы і грамадскай супольнасці
Відавочна, што такі падыход патрабуе ўлічваць асаблівасці кожнай асобы, школьнага калектыву і настрояў у мясцовых супольнасцях і соцыуме.
Такія праграмы вельмі адрозніваюцца ад прафілактычных лекцый, якія праводзяць у беларускіх школах. Там падлеткам адно расказваюць пра наркотыкі і іх уздзеянне, а таксама пра крымінальную адказнасць.
У заходніх праграмах галоўная задача – маральны і псіхалагічны рост кожнай асобы.
Самадастатковы ўдзельнік грамадства, які разумее каштоўнасць уласных правоў з дзіцячага ўзросту, – больш сацыяльна актыўны. Такі чалавек можа быць лепш падрыхтаваны да сітуацый, звязаных з наркотыкамі.
На жаль, уцямнай і зразумелай сістэмы прафілактыкі наркаспажывання ў Беларусі не існуе. А большасць дзеянняў прадстаўнікоў сістэмы адукацыі і праваахоўнікаў у гэтым кірунку нагадвае "кампанейшчыну".
Чытайце таксама: Ці гатовая Беларусь да новых “наркатычных” выклікаў?
Кідаецца ў вочы неабходнасць разумення ролі правоў асобы і грамадскай супольнасці, якога ў Беларусі сёння бракуе. Дзяржаўныя структуры дрэнна разумеюць, што ў сучаснасці яны не заўжды могуць хутка рэагаваць на новыя пагрозы і арыентавацца ў зменлівых напрацоўках у сферы прафілактыкі рызыкоўных экстрэмальных паводзінаў.
Недзяржаўныя структуры заўжды "бліжэйшыя да народа". На Захадзе менавіта дзякуючы сістэме супрацьвагаў грамадства-дзяржава захоўваецца ўхіл у бок правоў асобы нават у такіх пытаннях, як прафілактыка нарказалежнасці.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!