Стала вядома праграма літаратурнай сцэны «Бліжэй да цябе» на Hučna Fest

29 чэрвеня ў Варшаве на беразе Віслы пройдзе вялікі Hučna Fest з сучаснай літаратурай і мастацтвам, актуальнай беларускай музыкай і актывізмам. Беларускі ПЭН ладзіць сёлета на фэсце літаратурную сцэну «Бліжэй да цябе», прысвечаную беларускай жаночай і квір-літаратуры. Вядоўцай стане вядомая актрыса, сузаснавальніца праекта «Кніжны воз» Крысціна Дробыш.


Afiša

Падрабязней пра літсцэну можна прачытаць тут.

Слоган літсцэны — «Пачуй сваю літаратуру!»

Пачуй літаратуру, якую ствараюць проста цяпер і пра цябе твае сучасніцы і сучаснікі. Пачуй салідарнасць і галасы тых, хто ўпісвае Беларусь у сусветны кантэкст. Пачуй у жывым выкананні тыя творы і тых аўтарак ды аўтараў, якіх ты чытаеш, любіш, за якімі сочыш. Пачуй літаратуру, што гаворыць з табой на тыя тэмы, якія цябе хвалююць, змагаецца з тымі ж самымі выклікамі, што і ты, знаходзіць словы, каб падзяліцца тым, што для цябе важнае.

Праграма літсцэны складаецца з чатырох блокаў:

13:00 ПРЭЗЕНТАЦЫЯ: прэм’ера новага зборніка вершаў Анхелы Эспіноса Руіс «Астралябія Божых таямніц» у музычным суправаджэнні Юстыны Карпіловіч і Змітра Бартосіка

13:40 ДЫСКУСІЯ: беларуская жаночая літаратура і яе сучасны стан — разам з Настай Кудасавай, Светай Бень, Ганнай Кандрацюк, Касяй Чэкатоўскай. Мадэратар:ка — тоні лашдэн

15:15 РАЗМОВА: Рэфлексія на тэмы кніжнага хіта Ганны Янкута «Час пустазелля» разам з акторкай Крысцінай Дробыш

16:00 ЧЫТКІ: Музычна-перфарматыўныя чытанні квір-літаратуры ў выкананні яе аўтар:ак — тоні лашдэн, Уладзя Гарбацкага, Артура Камароўскага, Светы Бень. Музычны сэт ад праекта WTBSK

Спасылка на лайн-ап у інстаграме.

Спасылка на мерапрыемства ў фэйсбуку.

Што яшчэ будзе на Hučna Fest?

На фэсце будуць працаваць кніжныя стэнды беларускіх выдавецтваў і стэнды НДА — пляцоўкі сацыяльных актыўнасцяў з вядомымі актывісткамі і актывістамі, пінг-понг для падтрымкі палітзняволеных і іншыя магчымасці не толькі добра правесці час, але і выказаць сваю салідарнасць.

Вось спіс выдавецтваў, якія будуць прадаваць свае кнігі:

Gutenberg Publisher
Skaryna Press
Янушкевіч / Januskevič
Hochroth Minsk
Kamunikat

На выдавецкай пляцоўцы можна прыдбаць кнігі аўтарак і аўтараў, што будуць выступаць на літаратурнай сцэне, і атрымаць аўтограф! Выдавецтвы пачнуць сваю працу на пляцоўцы а 12:00, а літаратурная сцэна стартуе з 13:00.

На музычнай сцэне выступяць «Разбітае Сэрца Пацана», «LEIBONIK», «NOCHY» і «Syndrom Samazvanca». Вядоўца — Мікіта Мелказёраў.

Усіх жадаючых чакаюць 29 чэрвеня з 13:00 да 17:00 на беразе Віслы каля варшаўскага Музея сучаснага мастацтва (Wybrzeże Kościuszkowskie 22). Музычная праграма будзе доўжыцца да 22:00.

Жаночая і квір-літаратура гучыць БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ

У тым ліку бліжэй, чым ты думаеш. Чаму? 

Бліжэй да цябе — бо размаўляе з табой на блізкія і важныя тэмы галасамі аўтарак і аўтараў, якія ўжо выйшлі за межы «нормы» і змаглі расказаць пра «недазволеныя» рэчы;

Бліжэй да цябе — бо гнуткая і рэактыўная, рэагуе, рэфлектуе і пражывае ўсе радасці і нягоды разам з табой;

Бліжэй да цябе — бо шукае словы, вынаходзіць мову, каб назваць і апісаць усё тое, што адбываецца з намі проста цяпер;

Бліжэй да цябе — бо дэмакратычная і гарызантальная ў сваіх адносінах з чытачамі, ты можаш бяспечна прагаварыць складаныя і балючыя тэмы разам з аўтаркамі і аўтарамі;

Бліжэй да цябе — бо выходзіць у публічную прастору, ты можаш лёгка сустрэцца з ёй, паміж вамі — малая адлегласць, усяго адзін крок;

Бліжэй да цябе — бо не канкурэнтная, а салідарная, падтрымлівае ўсіх удзельніц і ўдзельнікаў гэтага працэсу, кожны голас робіцца пачутым і прынятым;

Бліжэй да цябе — бо смелая і разнастайная, лёгка эксперыментуе з новымі формамі, ідзе на нестандартныя калабарацыі, працягвае табе руку там, дзе ты ёсць;

Бліжэй да цябе — бо...