Анатамаванне не выявіла прыкметаў, якія маглі б паказваць на тое, што журналіст Мікіта Мелказёраў памёр у выніку траўмы, аднак лекары знайшлі змены, якія сталі вынікам хранічнага захворвання. Пра гэта «Белсату» расказаў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба.

Мікіта Мелказёраў падчас здымак праграмы «Мова нанова». Варшава, Польшча. 27 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Пётр Антоні Скіба адзначыў, што справа аб ненаўмысным забойстве была прыпыненая ў чаканні медычнага заключэння па выніках судова-медычнага анатамавання і таксікалагічных даследаванняў.
«Даследаванні падчас анатамавання не выявілі траўматычных зменаў, якія б маглі выклікаць смерць. Выяўленыя змены, звязаныя з хранічнымі хваробамі нябожчыка», — сказаў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы.
Што гэта за захворванне, пракуратура не раскрывае.
Журналіст Мікіта Мелказёраў памёр ноччу 21 снежня 2025 года дома ў Варшаве. Пракуратура пачала расследаванне паводле артыкулу аб ненаўмысным забойстве. Як адзначаў раней у каментары «Белсату» Пётр Антоні Скіба, «гэта традыцыйная фармулёўка, якая даецца ў сітуацыях, калі прычына смерці невядомая».
Пасля апытання ўдавы Мікіты, станам на канец снежня, галоўная версія следства палягала ў тым, што смерць журналіста была негвалтоўная.
Мікіту Мелказёраву было 37 гадоў. Ён стаў шырока вядомы як аўтар і вядоўца праекту «Жыццё-маліна». Таксама ён быў аўтарам і суаўтарам праектаў «Загляне сонца», падкасту «Нешта будзе», сувядоўцам праграмы «Мова нанова» на «Белсаце».