Прапануй свой праект для акцыі “Магілёў – культурная сталіца – 2013”!

09.01.2013 Акцыя

У вас ёсць ідэі, што і як трэба дадаць культурнаму жыццю Магілёва? Якіх падзеяў і з’яў не хапае? Цудоўна! Набліжаецца той самы час, калі вашыя  прапановы не проста маюць шанец, а мусяць быць заўважанымі і здзейсненымі!

Для гэтага ёсць дзве добрыя нагоды.

Першая: Магілёў абраны культурнай сталіцай СНД і Беларусі у 2013 годзе.

Другая: Магілеўскі гарадскі выканаўчы камітэт і МГА ЗБС “Бацькаўшчына”(Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”)  запрашаюць да ўдзелу ў публічных прэзентацыях у фармаце lightning talk, падчас якіх ВЫ МОЖАЦЕ:

–          Распавесці пра свой праект/ідэю шырокай і невыпадковай аўдыторыі;

–          Пазнаёміцца з іншымі цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;

–          Знайсці аднадумцаў, партнёраў, валанцёраў для рэалізацыі вашай ідэі;

–          Заахвоціць сваім прыкладам тых, хто таксама мае файныя ідэі, але пакуль не асмеліўся выйсці з імі на публіку!

–          І тым самым, зрабіць свой унёсак, каб статус культурнай сталіцы СНД для Магілёва быў не толькі намінальным, а дапамог выйсці на новы культурны ўзровень!

На выніковай імпрэзе грамадскія праекты пабачаць афіцыйныя асобы і незалежныя прадстаўнікі культуры і мастацтва, грамадскія актывісты, прадстаўнікі бізнесу, турызму і іншыя зацікаўленыя людзі, з якімі можна абмеркаваць вашую прапанову ў дэталях.

Што такое фармат lightning talk (“маланкавая размова”)?  

–          5-7 хвлін, якія даюцца на ваш выступ (залежыць ад колькасці выступоўцаў);

–          мінімум 3 слайды*, якія вам трэба падрыхтаваць (максімум – роўна столькі, колькі вы паспееце прадставіць за адведдзеныя 300-420 секунд).

*Для прэзентацый, зробленых у prezi.com – абмежаванні толькі па працягласці выступу.

Што трэба ўключыць у прэзентацыю?

–          Назва і сутнасць прэзентацыі (праект, стратэгія і г.д.);

–          Чаму і каму гэты праект неабходны?

–          Фармат праекта, яго унікальнасць і (ці) адэкватнасць;

–          Калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца?

–          Якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце? (каманда, партнёры, бюджэт).

Праекты ў фармаце прэзентацый PowerPoint, Prezi і аналігічных, а таксама запоўненую заяўку ўдзельніка, с пазначэннем вашых дадзеных (Прозвішча,імя, арганізацыя, назва праекту, кантактны нумар тэлефона) ўдзельніка дасылайце на email:  kirmash.praektau@gmail.com з пазнакай “Кірмаш праектаў” да 21 студзеня 2013 года.

Дата выніковай публічнай прэзентацыі будзе абвешчана дадаткова.

 

Тэгі: