Саюз пісьменнікаў Беларусі выступае за адлічэнні ў Літфонд ад продажу замежнай літаратуры і кніг, выдадзеных недзяржаўнымі выдавецтвамі. Пра гэта заявіў на з’ездзе СПБ старшыня грамадскага аб’яднання Мікалай Чаргінец, паведамляе БелТА.
СПБ ініцыюе абавязковае адлічэнне невялікіх сум (1—3%) ад продажу замежнай літаратуры, якая ўвозіцца з-за мяжы, і кніг, выдадзеных недзяржаўнымі выдавецтвамі, на развіццё беларускай літаратуры. «Менавіта такая літаратура пануе на кніжным рынку Беларусі. Мы ставім пытанне аб абароне літаратуры на тэрыторыі нашай краіны», — сказаў Мікалай Чаргінец.
Акрамя таго, Саюз пісьменнікаў Беларусі прытрымліваецца пазіцыі аб недапушчальнасці рэалізацыі ў краіне нізкапробнай, пахабнай, а то і цынічнай літаратуры. «Мы, як людзі, якія павінны служыць высокай маралі, духоўнасці, ставім пытанне аб удзеле пісьменнікаў у кантролі за продажам літаратуры. Маецца на ўвазе выключна грамадскі кантроль», — падкрэсліў Мікалай Чаргінец.