1 лістапада ў Баранавічах у кавярні “У госці” ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку адбылася літаратурная імпрэза. Перакладчык Ігар Крэбс і перакладчыцы Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская прадставілі інтэрнэт-часопіс “ПрайдзіСвет”, кнігі з “прайдзісвецкай” серыі “PostScriptum” — “Саламею” Оскара Ўайлда, “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна” Бюргера і Распэ, “Кліч Ктулху” Лаўкрафта і “Знак чатырох” Дойла, а таксама асобныя выданні з серыі “Паэты планеты”.
На пачатку прэзентацыі Ганна Янкута прадставіла часопіс “ПрайдзіСвет”, расказаўшы пра тое, як ён з’явіўся і што можна знайсці на яго сайце, і засяродзіўшыся на некалькіх апошніх нумарах: гарадскім, паэтычным і нарвежскім. Перакладчыца запрасіла прысутных наведаць сайт і пашукаць там сваіх улюбёных пісьменнікаў па-беларуску, а таксама не абмінуць раздзел гульняў і тэставанак. Потым Кацярына Маціеўская расказала, як яна за некалькі дзён пераклала п’есу Оскара Ўайлда “Саламея” і пачытала фрагмент з твора. Ігар Крэбс апавёў гісторыю з’яўлення кнігі пра барона Мюнхгаўзэна і паспрабаваў пераканаць чытачоў, што гэта зусім не твор для дзяцей, зачытаўшы самыя вострасатырычныя і пікантныя ўрыўкі з перакладзенай ім кнігі. Пасля Ганна Янкута коратка прадставіла яшчэ некалькі выданняў з серыі “PostScriptum”.
Для таго, каб гледачы таксама ўцягнуліся ў імпрэзу і актыўна ў ёй паўдзельнічалі, Ігар Крэбс правёў з імі гульню на веданне беларускай безэквівалентнай лексікі, даўшы прысутным магчымасці адчуць сябе перакладчыкамі – з беларускай на рускую. За правільныя адказы ўдзельнікі атрымлівалі паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, а ў канцы гульні пераможцы (іх аказалася двое) атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Затым перакладчыкі разам з гасцямі імпрэзы згадалі пра ўнёсак Францыска Скарыны ў беларускі кнігадрук і правялі конкурс на веданне біяграфіі першадрукара. За правільныя адказы ўдзельнікі конкурсу атрымалі друкаваныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – нумары часопіса “Дзеяслоў”.
Пасля перакладчыкі зладзілі паэтычныя чытанні і пазнаёмілі прысутных з беларускімі перакладамі сусветнай паэзіі – вершамі Георга Гайма, Генрыха Гайнэ, Баляслава Лесьмяна, Джона Кітса і Эдгара По. Затым быў час для пытанняў і адказаў, і перакладчыкі расказалі гасцям імпрэзы пра тое, з якімі праблемамі можна сутыкнуцца, выдаючы кнігу, пра навінкі перакладу, якія чакаюцца з друку ў найбліжэйшы час, і пра тое, чаму ў Беларусі так цяжка выдаваць сучасную літаратуру. Імпрэза скончылася агульным фатаграфаваннем і абмеркаваннем планаў на сумесныя мерапрыемствы ў будучыні.