Празаічная паэма ў лістах Элізы Ажэшкі і Тадэвуша Гарбоўскага ўпершыню выйшла па-беларуску

Маладое выдавецтва «Чабор» выдала празаічную паэму ў лістах Элізы Ажэшкі і Тадэвуша Гарбоўскага (псеўд. Юліюш Ромскі) пад назвай «Ad Astra», піша bellit.info. Пераклад з польскай на беларускую мову зрабіла Святлана Воцінава.

«Ad Astra»

Сто дваццаць гадоў таму «Ad Astra» называлі «творам, які застанецца». Аўтары змясцілі пад назву амаль музычнае слова «дуафонія» і развілі сюжэт на фоне гімнаў жывой прыродзе, песень даўніх часоў, музыкі космасу і цішыні сфінксаў. Галасы герояў даносяцца з Белавежскай пушчы і Бернінскіх Альпаў, з урочышча Чарна Смуга, поўнага жахаў і цудаў, з велічных ледавікоў Роны, з казачнай даліны Лаўтэрбрунен, над якой гучыць пастуховая песня, з руін беларускага замка, дзе скачуць праз лес прывідныя паляўнічыя...

Ноты жыцця пераплятаюцца з мелодыяй кахання: героі ўступаюць, кажучы сучаснай мовай, у філасофска-псіхалагічную барацьбу, у якой сутыкаюцца аргументы патрыёта і касмапаліта, сэрца і розуму, шчасця і ахвярнасці, кахання і абавязку і інш. Твор у пэўным сэнсе ёсць працягам рамана Элізы Ажэшкі пад назвай «Два полюсы» (1893). На беларускай мове выходзіць упершыню.

«Ad Astra» прадаецца ў беларускай кнігарні «Чабор» у Варшаве, неўзабаве мае з’явіцца ў іншых беларускіх кнігарнях па ўсім свеце.