Прэмія імя Ежы Гедройца ад самага пачатку стала ледзь не асноўнай літаратурнай падзеяй у Беларусі. Штогод прэмія, якая ўручаецца за найлепшую празаічную кнігу, выклікае спрэчкі сярод крытыкаў і простых аматараў літаратуры.
Сёлета Гедройца ўручылі трэці раз. Калі ў папярэднія гады кожны, хто цікавіцца беларускай літаратурай, зрабіў больш-менш правільны прагноз, то сёлета шорт-ліст прэміі здзівіў, здаецца, нават сяброў журы.
У канферэнц-зале гатэля “Вікторыя” сабралася не так шмат людзей, магчыма праз неспрыяльнае надвор’е ці не самае блізкае месца (раней Гедройца ўручалі ў цэнтры горада), а можа, проста адыграў сваю ролю панядзелак — дзень, як вядома, няпросты.
“Магчыма, першыя два гады прысутнічаў эфект навізны, — разважае пісьменнік і сябра журы Альгерд Бахарэвіч. — Я мяркую, што невялікая колькасць гледачоў звязаная ў першую чаргу з месцам правядзення, бо сама прэмія сёлета надзвычай цікавая”.
Цырымонія пачалася з хвіліны маўчання: тры дні прайшло пасля смерці Генадзя Бураўкіна. Адзін з вершаў класіка зачытаў са сцэны Андрэй Хадановіч.
Інтрыга наконт таго, каму дастануцца запаветныя дзесяць тысяч еўра, набірае абароты: чытачы розных СМІ паспелі зрабіць свае прагнозы (дарэчы, тыя прагнозы не супалі паміж сабой), а некаторыя з сяброў журы ўвогуле не ведалі вынікаў — галасаванне было пісьмовым і таемным.
У выніку першае месца атрымаў празаік і філосаф Ігар Бабкоў за раман “Хвілінка. Тры гісторыі”.
“Хвілінка” — гэта жыццё Беларусі на мяжы двух знакавых дзесяцігоддзяў — 80-х і 90-х, своеасаблівае адлюстраванне надзеяў і жаданняў пакалення, якое піло каву ў першай мінскай піцэрыі і марыла калі не пра лепшыя часы, то, прынамсі, пра вялікія перамены. У выніку перамены прыйшлі, але ці змяніліся ад гэтага самі людзі?
“Я лічу, што новы раман Бабкова — сапраўдная падзея, падзея незвычайная, — кажа сябра журы, філосаф Валянцін Акудовіч. — Ігар працаваў над раманам болей за дзесяць гадоў. Калі выйшаў першы раман Бабкова “Адам Клакоцкі і ягоныя цені”, я казаў, што ў нас з’явілася яшчэ адна беларуская проза. То бок кнігі Бабкова — радыкальна іншыя, яны маюць самадастатковы кантэкст, Ігар ставіць перад сабой іншыя мэты, нашмат больш метафізічныя. Ён ніколі не імкнуўся быць папсовым ці папулярным пісьменнікам. “Хвілінка” — гэта падзея не гэтага года, хутчэй дзесяцігоддзя”.
На другім месцы апынуўся нашумелы раман Артура Клінава “Шклатара”, які расказвае пра наш час і дзеянне якога адбываецца ў знаёмых усім дэкарацыях: “Шклатара” — галерэя “Ў”, выдавец Сцёпін — Логвінаў і гэтак далей. Да таго ж “Шклатара” мае і другую, не менш важную сюжэтную лінію, прысвечаную ХІХ стагоддзю, якая магла б стаць (і, дарэчы, адпачатку была!) выдатным кінасцэнаром.
Трэцяе месца атрымаў культавы аўтар Вінцэсь Мудроў за зборнік “Багун” — кожная кніга Мудрова сама па сабе падзея, яго называюць беларускім Фолкнэрам, ягоныя апавяданні адначасова ахопліваюць і трыццатыя гады ХХ стагоддзя, і наш час, пры гэтым Мудроў ніяк не падаецца састарэлым.
“Вынікі прэміі сталі нечаканымі для ўсіх нас, — кажа старшыня Саюза пісьменнікаў, сябра журы Барыс Пятровіч. — У кожнага былі свае фаварыты, па выніках “тройка” ў кожнага была свая, і менавіта з гэтай суб’ектыўнасці нарадзіўся аб’ектыўны выбар. Кожны з шасці намінантаў з шорт-ліста быў варты гэтай прэміі”.
Апроч лаўрэатаў у шорт-ліст прэміі Гедройца ўвайшлі Людміла Рублеўская (зборнік “Ноч на плябанскіх млынах”), Сяргей Вераціла (“Разбітае сэрца Вітаўта”) і Алена Брава (“Дараванне. Прощение. Vergebung”).
Юрась Ускоў
фота – Аляксандр Ждановіч