Уручэнне прафесійнай музычнай прэміі сёлета прайшло лёгка, весела і ненапружна. Лёгкі налёт пафасу і аркестр “18 датчан” засталіся, а вось нейкай трагічнай прадвызначанасці, якая вітала ў паветры на некаторых іншых музычных цырымоніях, тут не адчувалася. Насуперак таму, што засвоена было хіба 20% прасторы вялізарнага ангару на Кастрычніцкай, а частка з узнагароджаных гуртоў ужо былі нежывымі.
Rock Profi, як кожная маштабная задума, рэалізоўвалася ў аўральным рэжыме. Арганізатар і фундатар гэтай забаўкі Павел Юрцэвіч з студыі “Осмос” некалькі месяцаў думаў, ці варта ўкладацца ў гэтую няўдзячную справу ў трэці раз, яшчэ пару месяцаў шукаў патрэбную пляцоўку – клуб “Tarantino”, дзе прайшла цырымонія летась, перарабілі ў стрыптыз-бар, а большасць пляцовак не адпавядала патрэбам прэміі. Выбар быў спынены на заводскім памяшканні на вуліцы Кастрычніцкай – фактычным працягу крэатыўнай прасторы, якую захапілі ЦЭХ і “Хуліган”. Месца вельмі каларытнае і атмасфернае і зусім нечаканае як для ўручэння музычнай прэмій, хай сабе і ў катэгорыі “рок/альтэрнатыва/індзі”.
У гэтай велізарнай і не засвоенай яшчэ толкам прасторы купка запрошаных музыкаў і некалькі дзясяткаў зацікаўленых у ходзе беларускага музычнага працэсу трохі згубілася, але як зайграў Nizkiz – гурт з абгрунтаванай прэтэнзіяй і стадыённым размахам, – дык тут стала даволі ўтульна. Сам цырыманіял заняў зусім няшмат часу. Паводле задумы пераможцы мінулых гадоў абвяшчалі новых герояў, а аркестр “18 датчан” граў эпізоды з песень пераможцаў. Рок-зоркі, як заўжды, былі нешматслоўнымі і скаванымі, хоць некаторыя падтрымлівалі спробы вядоўцы прэміі Іллі Маліноўскага надаць прэміі недзяжурнасці. “А чаму ты без гурта?” – пытае Ілля ў басіста “БосагаСонца” Яна Саладухі, які выйшаў абвяшчаць “Дэбют года”: “А я ўжо паўтара года як без гурта”. “Альбом запішаце хутка?” – “Абавязкова запішам, толькі хіба ў іншым жыцці”. “Дэбютам” быў прызнаны TonqiXod, які разам з “Ляпісам Трубяцкім” лічыўся галоўным фаварытам прэміі, бо трапіў адразу ў шорт-лісты трох намінацый. Аркестр даў “Вяселле”, Уладзь Лянкевіч заклікаў купляць дыскі гурта.
Самай трансцэндэнтнай стала намінацыя “Песня года”, у якой Косця Пыжоў з гурта The Toobes, які быў распаўшыся, абвясціў пераможцам таксама няісны “Ляпіс Трубяцкі”. Хвіліны маўчання не было – аркестр даў “Воинов света”. Па ўзнагароду выйшаў экс-дырэктар “Ляпісаў” Яўген Калмыкоў, які, праўда, статуэтку не ўзяў – сказаў, што пакіне яе ля сцэны і спадзяецца, што яе забярэ Паша Міхалок, якога ён тут бачыў, ды перадасць тату.
Намінацыя-разынка Rock Profi – “Запіс года”, дзе ацэньваецца перадусім праца гукарэжысёра. Яго атрымаў Андрэй Жукаў, які запісваў альбом “PortMone” – “Thou”. Самая сур’ёзную і важкую ўзнагароду – “За ўнёсак”, якую можна лічыць рэальным прызнаннем на вякі ад калегаў тым, хто гэтага заслужыў шматгадовай працай, атрымаў зноў жа не існы ў кананічным разуменні N.R.M. Суарганітар прэміі Зміцер Безкаравайны сказаў, што ў галасаванні ў гэтай намінацыі было поўнае адзінства, свае галасы аддавалі за квартэт (падкрэслена) і электроншчыкі, і хард-рокеры. Спробы сабраць Вольскага, Паўлава, Ляўкова і Дземідовіча дзеля такой нагоды рабіліся, але нічога не выйшла – разам яны выходзіць не хочуць. Было даволі дзіўна, сумна і кранальна глядзець на слайд-шоў з фоткамі жывых людзей, якіх як бы і няма.
Але здарыўся такі сюрпрыз – па “Альбом года”, які абвяшчаў Ілля Чарапко, выйшаў Лявон Вольскі, адзначаны за “Грамадазнаўства”. Пасля ўручэння Лявон прызнаецца, што зусім не разлічваў на прызнанне з боку калегаў і апынуўся ў ангары толькі дзякуючы настойлівасці Безкаравайнага.
З N.R.M. жа арганізатары паступілі мудра – асобны дыплом яны дадуць Паўлаву, асобны – Вольскаму.
Цырымонію бадзёра скончыў Аляксандр Памідораў, які замест “Ляпіса Трубяцкога” узяўся агучыць імя “Артыста года”. Ім стаў гурт “Дай дарогу!”. Стыльскі са сцэны выглядаў трохі агаломшаным, заявіў, што іх такім рашэннем проста парвалі, ды зрабіў выснову, што яго гурт, відаць, выпаўзае з андэграўнду.
Пасля ўручэння большасць разышлася па кутах ангара, бара ды па дамах. Як гэта заўжды бывае на Rock Profi, саму музычную частку слухаць ніхто не стаў. Тым не менш аніякай трагічнай наканаванасці не адчувалася. Можа быць, таму, што гралі звышпазітыўныя гурты, а можа, праз перакананасць Паўла Юрцэвіча, што справа робіцца патрэбная. Прынамсі, у той вечар арганізатар Rock Profi заявіў з уласцівай яму лёгкасцю і нязмушанасцю, што прэмія будзе ўручацца налета і па выніках 2015 года.
Мікалай Дубавіцкі
Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»