Кінакрытык Тарас Тарналіцкі ў верасні наведаў 81-шы Венецыянскі кінафестываль, дзе было шмат аўтарскага і шматбюджэтнага кіно. Раней ён ужо распавядаў на Budzma.org пра некалькі гучных прэм’ер. Сёння — працяг агляду. Лавіце яшчэ чатыры стужкі, якія ў хуткай перспектыве можна будзе пабачыць у кінатэатрах ці ў анлайн-стрымінгах.
Дзетка / Babygirl
рэж. Галіна Рэйн
Пачатак паказу: 26 верасня (Польшча)
Ромі (Ніколь Кідман) — тыповая ролевая мадэль для актыўных дзяўчынак. Яна кіраўніца амбіцыйнага стартапа, якая публічна транслюе прагрэсіўныя погляды на ролю жанчыны ў кіраванні бізнесам. У яе ёсць лагодны муж Якаб (Антоніа Бандэрас) і дзеці, а кар’ерная лесвіца абяцае небывалыя перспектывы. Вось толькі сексуальнае жыццё Ромі настолькі прэснае, што яна літаральна вымушана пасля чарговага палавога акту бегчы ў іншы пакой і даводзіць сябе да аргазму праз прагляд порна. Аднойчы Ромі сустракае на працы прывабнага стажора Самуэля (Харыс Дзікінсан), які здатны падпарадкаваць не толькі раззлаванага чужога сабаку на вуліцы, але і ўладарную дырэктрысу.
Жанр эратычнага трылера цалкам выдыхнуўся ў канцы 90-х, а апошні цвік у яго труну забіла эпоха MeToo. Сёння паказваць як чарговы мужчына, маючы ўладу і моц, цягне ў ложак чарговую малазнаёмую жанчыну проста непрыстойна. Калі такія праекты яшчэ засталіся, іх можна пабачыць толькі ў каталогах стрымінг-сэрвісаў, як тую ж польскую меладраму «365 дзён».
Таму трэці поўнаметражны фільм акторкі Галіны Рэйн, зняты па яе ўласным сцэнары, натуральна падымае жанр з мёртвых, змяняючы толькі гендарныя акцэнты. Цяпер дарослыя жанчыны вырашаюць, што за малады хлопец стане іх любоўным інтарэсам. Рэйн разважае, да якога абсурду могуць прывесці сексуальныя абсесіі, і на што здольная пайсці жанчына, каб захаваць уладу і ўплыў, то будзем шчырымі — «Дзетка» межы жанру нават не спрабуе рассунуць. Гэта проста ў меру пікантнае кіно на адзін вечар, сапраўднай зоркай якога становіцца Ніколь Кідман, за што яе акторскую працу ўшанавалі Кубкам Вольпі. Але перабіць свой акторскі перформанс у апошняй стужцы Стэнлі Кубрыка «З шырока заплюшчанымі вачыма» ў яе ўсё ж не атрымалася.
Ціхае жыццё / Quiet life
рэж. Аляксандрас Аўранас
Пачатак паказу: невядома
Сям’я Сяргея (Грыгоры Дабрагін) у роспачы — шведскія міграцыйныя чыноўнікі не вераць у гісторыю іх уцёкаў з Расіі ад палітычнага пераследу. А значыць, што на прытулак яны не могуць больш разлічваць. Пад уплывам стрэсу малодшая дачка Каця ўпадае ў кататанічны стан і перастае прачынацца. Бацькі ў сваю чаргу ціснуць на старэйшую Аліну, каб яна ім дапамагла на рашаючым сумоўі з чыноўнікамі. Дзяўчына не спраўляецца і робіць спробу самагубства ў басейне. У адчаі Сяргей і Наталля (Чулпан Хаматава) робяць усё, каб вярнуць дзяцей да жыцця.
Пасля правальнай спробы ўмацавацца ў Галівудзе з крымінальным трылерам «Змрочныя злачынствы», дзе драматычную ролю граў комік Джым Кэры, грэцкі рэжысёр Аляксандрас Аўранас зноў вярнуўся ў прастору больш зразумелага яму аўтарскага кіно. Яго «Ціхае жыццё» распавядае актуальную гісторыю эмігрантаў, якіх граюць акторы-рэлаканты з неабходным досведам — Дабрыгін і Хаматава. Героі змагаюцца не толькі з непрабівальнай еўрапейскай бюракратыяй, але і фізічнай хваробай — сіндромам пакорлівасці, з якой сапраўды сутыкнуліся шведскія ўлады.
Аскетычная рэжысура і механістычныя акторскія працы робяць з «Ціхага жыцця» тыповую еўрапейскую драму, падчас прагляду якой адчуваеш сябе няўтульна і адхілена, нібы на дрэннай тэатральнай пастаноўцы.
Аўранаса ратуе апошняя траціна фільма, у якой і ў яго самога, і ў герояў прачынаецца сапраўдная эмпатыя. Менавіта яна дорыць гэтаму цалкам халоднаму кіно агеньчык надзеі на тое, што нават у самай горшай сітуацыі можа раптоўна адбыцца сапраўдны цуд.
Wolfs / Ваўкі
рэж. Джон Уотс
Пачатак паказу: 27 верасня (Apple TV)
Растрапаная і запужаная жанчына (Эмі Райн) выклікае ў свой нумар гасцініцы найміта-рашальшчыка (Джордж Клуні). Ёй трэба прыбраць цела свайго мімалётнага маладога каханка (Осцін Абрамс). Услед за ім у пакой прыходзіць яшчэ адзін найміт (Брэд Піт), якога таксама запрасілі разруліць непрыемную сітуацыю. Два «жаўнеры ўдачы» вымушаны працаваць сумесна, каб цягам ночы выблытацца з небяспечнай гісторыі з удзелам крымінальных бандаў і наркадылераў.
Дуэт двух секс-сімвалаў Галівуда — Брэда Піта і Джорджа Клуні — шумеў усе нулявыя, дзякуючы трылогіі фільмаў-рабаванняў Стывена Содэрберга пра сяброў-злодзеяў Дэні Оўшэна і эксцэнтрычнай шпіёнскай камедыі «Спаліць пасля прачытання» братоў Коэнаў. І паўсюль яго суправаджаў камерцыйны поспех, таму не дзіва, што стрымінг Apple TV выдаў Джону Уотсу грошы пад камедыйны баявік з іх удзелам, які рызыкуе стаць чарговай кінафраншызай.
У «Ваўках» пара Піт-Клуні зноў выглядае бліскуча: дзёрзка, смешна, харызматычна. Яны галоўнае і адзінае ўпрыгожванне стужкі — прадказальнага да агіднасці баддзі-муві пра двух крутых мужыкоў, у якіх алергія на камандную працу. Фільм «Ваўкі» Джона Уотса, пастаноўшчыка апошняй марвелаўскай трылогіі пра Чалавека-павука, зорак з нябёс не хапае і арыгінальнасцю не вылучаецца, але пасля прагляду вы наўрадці застанецеся незадаволенымі.
Cем’і як нашыя / Families Like Ours
рэж. Томас Вінтэрберг
Пачатак паказу: кастрычнік 2024 (Данія)
Вуліцы Капенгагена імкліва запаўняюцца вадой — сталіца Даніі ў недалёкай будучыні становіцца непрыдатнай для жыцця праз экалагічную катастрофу. Студэнтка Лора, яе разведзеныя бацькі і каханы хлопец вымушаны ратаваць свае жыцці ў эміграцыі, дзе ім зусім не радыя і дакладна ніхто не чакае.
Распачаўшы кар’еру як суаўтар эксперыментальнага кінафеномена «Догма 95», дацкі рэжысёр Томас Вінтэрберг стварыў сабе імя перш за ўсё на класічных драмах з акцэнтаваным дацкім характарам. Яго дэбют на тэлебачанні з мінісерыялам «Cем’і як нашыя» ў гэтым плане моцна не выбіваецца з яго былой фільмаграфіі.
Экалагічная катастрофа, яе перадумовы і наступствы аўтару не асабліва цікавыя. Яны служаць толькі трыгерам для разгортвання характараў, асабістых драмаў, нацыянальнага духу яго суайчыннікаў, якім па іншы бок экрана ён прапануе адчуць сябе ў якасці тых, каго яны сёння баяцца — вымушаных перасяленцаў. Нягледзячы на жорсткія абставіны, усе героі Вінтэрберга знаходзяць бяспеку і суцяшэнне на чужыне, не губляючы пры гэтым уласнай ідэнтычнасці.
Гэта натхняльнае шоў працуе ўніверсальна, бо за хвалямі дацкай паводкі лёгка ўявіць і беларускія рэпрэсіі, і ўкраінскую вайну. І нават нядаўнюю паводку ў Цэнтральнай Еўропе, якая апынулася нечакана разбуральнай. Апошнія падзеі працуюць на карысць праекта Вінтэрберга, які чым далей, тым болей набывае незапланаванага аўтарамі прароцтва.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
10 натхняльных фільмаў пра гісторыі поспеху