10 натхняльных фільмаў пра гісторыі поспеху

28.08.2024 Кіно

Зрабілі для вас падборку фільмаў пра гісторыі поспеху розных людзей. Для кагосьці гэтыя фільмы стануць штуршком для новай справы, для кагосьці — крыніцай натхнення, альбо проста магчымасцю добра правесці час і адпачыць ад паўсядзённасці.


«Гульні розуму» (A Beautiful Mind)

A Beautiful Mind

Год: 2001

Рэжысёр: Рон Ховард

Джон Нэш вучыцца на матэматычным факультэце. Навука настолькі захапляе яго, што ён амаль не кантактуе з аднагодкамі, аддаючы перавагу адзіноце. Аднойчы ў яго жыцці з’яўляецца незнаёмец, які прапануе яму працаваць на спецслужбы. Вучоны згаджаецца, але хутка аказваецца ў псіхіятрычнай бальніцы, дзе спрабуе зразумець, што ў яго жыцці было рэальнасцю, а што — толькі галюцынацыяй.

Фільм заснаваны на рэальных падзеях і распавядае пра Джона Форбса Нэша, які, нягледзячы на ментальную хваробу, стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па эканоміцы.

«Фрыда» (Frida)

Frida

Год: 2002

Рэжысёр: Джулі Тэймар

Фільм прысвечаны мастачцы Фрыдзе Кало, якая праславілася сваімі карцінамі, спалучыўшы магічны рэалізм з мексіканскімі народнымі матывамі. Яе творчы шлях пачаўся пасля трагічнага выпадку: 18-гадовая Фрыда трапіла ў аварыю і была прыкаваная да ложка на год. Каб суцешыць дачку, бацька прыносіць ёй фарбы і паперу.

Фрыда Кало стала натхненнем і прыкладам для многіх, паколькі рэалізавацца ў тыя часы ў творчым плане жанчыне было вельмі няпроста.

«Апанаванасць» (Whiplash)

Whiplash

Год: 2018

Рэжысёр: Дэмьен Шазэл

19-гадовы барабаншчык Эндру Найман вучыцца ў кансерваторыі і марыць трапіць у аркестр віртуоза Тэрэнса Флетчара. Флетчар не ўражаны талентамі Эндру і не саромеецца ў выказваннях, жорстка крытыкуючы ігру маладога музыканта. Але Найман не здаецца, наадварот, гэта толькі падштурхоўвае яго. Дзеля сваёй мэты ён гатовы ахвяраваць многім.

Фільм распавядае пра адносіны вучня і настаўніка, якія выходзяць за рамкі этыкі, і пра цану поспеху. «Апанаванасць» была адзначана ўзнагародамі на сусветных кінафестывалях.

«Скрытыя постаці» (Hidden Figures)

Hidden Figures

Год: 2016

Рэжысёр: Тэадор Мэлфі

Дзеянне фільма адбываецца ў 1960-х гадах. Кэтрын Джонсан, Мэры Джэксан і Дораці Воан працуюць у West Area Computers, падраздзяленні НАСА. Усе тры жанчыны — афраамерыканкі. Праз некаторы час Кэтрын прапануюць месца ў Касмічнай рабочай групе, а Мэры імкнецца стаць інжынерам НАСА. Аднак, каб дасягнуць сваёй мэты, жанчынам трэба пераадолець бар’ер расавай сегрэгацыі і скончыць школу, прызначаную толькі для белых.

«Скрытыя постаці» — фільм пра моцных духам жанчын, якія змагаюцца за справядлівасць і імкнуцца да сваёй мэты, нягледзячы на гендэрныя і расавыя перадузятасці.

«Зялёная кніга» (Green Book)

Green book

Год: 2018

Рэжысёр: Пітэр Фарэллі

Тоні па мянушцы «Балбатун» — злёгку грубаваты вышыбала, які застаўся без працы пасля закрыцця начнога клуба. Ён знаёміцца з чарнаскурым піяністам Донам Шырлі, які прапануе яму стаць кіроўцам на час яго тура па Амерыцы. Інтэлігентны Дон і рэзкі Тоні выглядаюць як поўныя супрацьлегласці, але з часам яны знаходзяць агульную мову. Тоні здзіўлены, як цяжка часам даводзіцца афраамерыканскім музыкам у ЗША.

«Зялёная кніга» — фільм пра сяброўства і пошук свайго месца ў часам несправядлівым і жорсткім свеце.

«Быць Астрыд Ліндгрэн» (Becoming Astrid)

Becoming Astrid

Год: 2018

Рэжысёр: Перніла Фішэр Крыстэнсан

Фільм распавядае гісторыю вядомай шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн, ахопліваючы адзін з самых складаных перыядаў яе жыцця.

Маладая Астрыд — эмацыйная і творчая дзяўчына, знаёміцца з рэдактарам газеты Блумбергам. Яны закаханыя, але Блумберг жанаты і не гатовы растацца з жонкай. Астрыд цяжарае і нараджае сына, якога вымушаная пакінуць у прыёмнай сям’і. Праз некаторы час жанчына вяртае сына, але траўма ад доўгай разлукі застаецца. Тады Астрыд пачынае пісаць казкі, які стануць вядомымі па ўсім свеце. 

«Я — Тоня» (I, Tonya)

I, Tonya

Год: 2017

Рэжысёр: Крэйг Гілеспі

У маладой Тоні складанае жыццё: пакінуўшы дэспатычных бацькоў, яна трапляе ў аб’юзіўныя адносіны з мужам. Адзіная аддушына для дзяўчыны — фігурнае катанне. 

Цяжкасці загартоўваюць Тоню, яна становіцца жорсткай, часам невыноснай для навакольных, але гэтыя якасці дапамагаюць ёй дасягаць поспеху ў спорце.

«Сэльма» (Selma)

Selma

Год: 2014

Рэжысёр: Ава ДзюВернэй

У 1963 годзе ў Амерыцы адбылася трагічная падзея: чацвёра афраамерыканскіх дзяўчынак сталі ахвярамі выбуху ў баптысцкай царкве. За актам гвалту стаялі белыя экстрэмісты, што моцна ўзрушыла амерыканскае грамадства. 

У гэты ж перыяд Марцін Лютэр Кінг працягвае сваю барацьбу за правы чарнаскурых амерыканцаў, заклікаючы да справядлівасці. «Сэльма» — фільм пра моц і нязломнасць афраамерыканскага насельніцтва, якія прывялі да зменаў у грамадстве. 

«Чалавек, які змяніў усё» (Moneyball) 

Moneyball

Год: 2011

Рэжысёр: Бэнет Мілер

Білі Бін — менеджар бейсбольнай каманды, перад якім стаіць задача стварыць моцную каманду, нягледзячы на абмежаваны бюджэт. Гэтая акалічнасць ўскладняе працэс камплектавання складу. Аднойчы Білі знаёміцца з выпускніком Ельскага ўніверсітэта Пітэрам Брэндам, які, як эканаміст, прапануе новы падыход, заснаваны на матэматычным аналізе. Гэты метад дазваляе ацэньваць гульцоў па іх рэальнай эфектыўнасці ў гульні. Хоць калегі Білі скептычна ставяцца да гэтай ідэі, яму ўдаецца вывесці каманду на новы ўзровень.

«Джой» (Joy)

Joy

Год: 2015

Рэжысёр: Дэвід О. Расэл

У дзяцінстве Джой вельмі любіла майстраваць падзелкі і разумныя вынаходніцтвы, і бабуля прадракала ёй паспяховую будучыню. Але вось Джой вырастае, і яе дарослае жыццё выглядае зусім не так: яна выхоўвае дваіх дзяцей і цягне на сабе сваю маці ў дэпрэсіі і беспрацоўнага мужа. Акрамя таго, у яе жыцці зноў з’яўляецца бацька, які любіць правакаваць сямейныя сцэны. Адзіная аддушына для Джой — гэта яе вынаходніцтвы. Аднойчы ёй прыходзіць ідэя, як палегчыць побыт, і Джой прыдумляе інавацыйную швабру для мыцця падлогі. Гэта, здавалася б, простая рэч цалкам змяняе яе жыццё.

Марта Радушкевіч, Budzma.org