23 сакавіка ў Гродне адбудзецца прэзентацыя кнігі Зоські Верас “Я помню ўсё: успаміны, лісты”, што выйшла ў серыі “Гарадзенская бібліятэка”. У ёй возьмуць удзел тыя, хто добра ведаў пісьменніцу і грамадскую дзеячку, а таксама укладальнік кнігі Міхась Скобла. Імпрэза пачнецца а 13.30 па адрасе: вул. Будзённага, 48а (адразу пасля Беларускай дыктоўкі).
“Народжаная на ўкраінскай Жытоміршчыне ў сям’і вайскоўца, большую частку свайго веку пражыўшы пад Вільняй, Зоська Верас усё жыццё заставалася патрыёткай Гародні і Гарадзеншчыны, адкуль паходзілі ўсе яе дзяды – па мячы і па кудзелі. “Мае думкі часта лятуць у Гродна – да ценяў дзядоў маіх, да ўспамінаў аб шчырай заўзятай працы ў Гродзенскім гуртку беларускай моладзі, дзе я стала на беларускую дарогу, па каторай іду ўжо 71 год,” – пісала яна ў лісце да паэткі Дануты Бічэль. Вернасць гораду свайго маленства і юнацтва жыхарка Панарскага лесу захавала праз усё сваё доўгае жыццё, у лістах да гарадзенцаў называючы сябе “старой гродзенскай патрыёткай” або “гродзенскай душой на выгнанні”. (З прадмовы М. Скоблы да кнігі Зоські Верас “Я помню ўсё”.)
Імпрэза ладзіцца пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.