Прэзентацыя кнігі Антона Францішка Брыля ‘Не ўпаў жолуд.’

21.07.2011 Афіша

Атрымоўваецца, што ў чацьвер 21 ліпеня, у 19:00, у кнігарні “ЛогвінаЎ” (Мінск, пр. Незалежнасці 37а – у дварах за домам “Подзвіг народа”, што на пл. Перамогі) будзе-ткі прэзэнтавацца кніга, якая выглядае вось так:

Антон Францішак Брыль
Не ўпаў жолуд.

Хто гэта такі?
Антон Францішак Брыль (нар. у 1982 г. у Мінску). Фіналіст конкурсу маладых літаратараў імя У. Караткевіча ў 2005 годзе. Перакладчык Ейтса і Катула, Джона Толкіна і Сюзаны Кларк, ірландскіх народных казак і стараангельскай паэзіі, і часам чагосці яшчэ.

Што там унутры?
Унутры – вершы і малыя паэмы, напісаныя ў 2003-2011 гг. Збольшага – непасрэдныя і ўскосныя эксперыменты ў міфапаэтыцы, самаробныя легенды, самаствораныя паданні і самаадчутыя повязі, спробы засяліць змрок вакол чалавечага жылля – згодна з ўласным густам і дзеля агульнай карысці.

Апроч аўтара ў прэзентацыі возьме ўдзел Ганна Янкута – у якасці перакладчыка ідэалагічна вернай і духоўна блізкай брытанскай паэзіі. Можа здарыцца, што і нехта яшчэ. Уваход вольны.