Гісторыя пра камок шчасця і дзве чорныя пысы

16.01.2026
Марыя Грыц дзеліцца гісторыяй пра тое, якія выпрабаванні ёй давялося прайсці, каб узяць з прытулку ў Польшчы двух бяздомных кацянят. Гісторыя вельмі пазітыўная, але разам з тым і балючая, бо міжволі прыходзяць у галаву параўнанні з тым, як такія справы вырашаюцца ў нашай краіне. І гаворка, на жаль, не толькі пра жывёл, але і пра людзей.

Maryja Hryc
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва

У нас будзе кот

Адзін з маіх самых яскравых успамінаў дзяцінства — як мама зімой дастае з-пад пахі пухавіка кудлаты камок і кажа:

— Марыйка, у нас будзе кот!

Я тады ад шчасця ледзь прытомнасць не страціла. Камок вырас у злога, здаравеннага сібірскага ката, які пільнаваў хату лепей за сабаку і гады ў рады дазваляў сябе пагладзіць. Аднойчы дзядзька вырашыў «падмазацца» — скарміў кату цэлую курыцу. Кот яго абадраў, як Бог чарапаху, і знік. Характар быў, што і казаць.

І вось прыйшоў мой час абрадаваць дачку той самай фразай:

— У нас будзе кот.

Выпрабаванні, круцейшыя за «Форт Баярд»

Па старой звычцы я думала, што ўзяць бяздомыша — справа простая. У Беларусі катоў можна браць хоць мяхамі, абы быў дах над галавой. Але тут нас чакалі выпрабаванні, круцейшыя за «Форт Баярд».

Мы зарэгістраваліся на сайце «катоў у добрыя рукі» і сумленна напісалі, што хочам узяць двух кацянят, каб ім не было самотна. І тут пачалася нейкая клініка. Нас абвінавацілі ў тым, што мы хочам узяць кацянят... каб карміць імі ўдава.

Муж спачатку пажартаваў, што гэта знак: трэба купляць удава, а не ката. Але высветлілася, што гэта не жарт. Нас проста заблакавалі.

Добра. Мы пачалі пісаць людзям наўпрост. І тут высветлілася, што для бяздомнага ката існуюць патрабаванні, як для палёту ў космас: сетка на гаўбцы (ок, згаджаюся), мяккія накладкі на вуглы мэблі (сур’ёзна?), а яшчэ гадавы прыбытак сям’і (ну, не!).

Пры гэтым мой знаёмы без усялякіх пытанняў купіў пароднае кацяня — ніхто нават не пацікавіўся, дзе і як яно будзе жыць. І вось тут мяне моцна закарцела. То-бок пародны кот можа жыць хоць у шафе, а беспародны — толькі пры наяўнасці сертыфіката «добрага чалавека»?

І справа ж не ў грашах. Мы проста хацелі даць дом жывёле, якая ўжо апынулася ў складанай сітуацыі. Як пакліканне. Не толькі пра ката, дарэчы. Я і раней цягнула дадому выкінутыя кветкі, каб яны не загінулі на сметніку. Што ўжо казаць пра кацянят.

Урэшце да нас прыйшла пані «на праверку»: ці хопіць кату месца, ці мы зможам набываць корм, ці ўсё ў нас у галаве ў парадку. Адчуванні былі супярэчлівыя. З аднаго боку — добра, што ёсць фільтр ад неадэкватных людзей. З другога — да якой ступені вы збіраецеся нас правяраць?

На шчасце, пані аказалася вельмі ветлівай. Шафы не адчыняла (дзякуй Богу), дала некалькі парадаў і сказала, што жыве побач і заўсёды можна звярнуцца па дапамогу. Нібыта і міла, але асадачак усё ж застаўся.

А потым я ўспомніла, як адна беларуская каціная валанцёрка прасіла сфатаграфаваць ката ў ракавіне, бо западозрыла, што чалавек узяў у яе ката, а потым выкінуў.

Дзіўна ўладкаваны свет

Мы падпісалі ДАМОВУ. Так, дамову на адопцыю бяздомнага ката.

І я раптам падумала, як дзіўна ўладкаваны свет: у Польшчы бяздомную жывёлу нельга ўзяць без праверкі і папераў, а на маёй радзіме людзей цэлымі аўтобусамі выкідваюць з турмаў у іншую краіну — без дакументаў, без мінімальнага клопату пра іх стан і без адказнасці за тое, што з імі будзе далей.

Я не параўноўваю ката і чалавека. Але не параўноўваць дзве сістэмы проста не магчыма.

Дык вось, паводле дамовы праз некалькі дзён у нас будзе ажно двое: Еці і Ягер. Абодва чорныя і выглядаюць максімальна дурашліва.

Kacianiaty
Еці і Ягер. Фота з асабістага архіва Марыі Грыц

Цяпер, калі ўсё вырашылася, я з зайздрасцю гляджу на гэтую, хай і не ідэальную, структуру. Калі жывых істот не аддаюць абы-каму, а бяздомышы не сядзяць на кожным рагу.

Вельмі хочацца, каб калісьці так было і ў Беларусі. Каб замест перапоўненых прыватных прытулкаў і страшных месцаў кшталту Гурскага былі дзяржаўныя праграмы падтрымкі і адладжаная валанцёрская сетка.

А пакуль — самы час выбіраць заплечнік для катоў з акенцам. Не, а што? Каты трапляюць у сям’ю чалавека, якая абажае цягацца па свеце. Няхай і самі пабачаць, які ён вялікі і цікавы.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org