Прэзентацыя першага беларускага зомбі-хорара “1813” — 10 лістапада

З 1 лістапада, на партале kniharnia.by з’явілася ў продажы доўгачаканая кніга Уладзіміра Садоўскага “1813”. Гэта самы сапраўдны зомбі-хорар, напісаны на матэрыяле беларускай гісторыі.

Садоўскі 1813

Пра што ж распавядае кніга?

1813 год. Напалеонаўскія войскі адступілі, але пасля зімы на палях засталося шмат яшчэ не пахаваных трупаў французскіх салдат. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка на ўскрайку Мінскай губерні наведваецца госць са сталіцы. Гэта не хто іншы як Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай імперыі. Ён прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі ў фамільны замак ля Маладэчна. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаюцца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага, як зноў узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага краю. Толькі гэтым разам ворагам будуць не жывыя людзі, а паўсталыя пачвары.

Гэтая кніга стала першай спробай краўдфандынгу для выдання менавіта электроннай кнігі. Спроба аказалася ўдалай. Дзякуючы таму, што паўдзельнічаць у стварэнні першага зомбі-хорар-тэксту ў беларускай літаратуры мог кожны, многія чытачы яго падтрымалі, і дапамаглі сабраць грошы ў рэкордна кароткія тэрміны.

Пазнаёміцца ​​з аўтарам, даведацца пра тое, як з’явілася ідэя напісання кнігі, ці будзе працяг і ці лёгка маладому аўтару выдаць сваю кнігу ў Беларусі – адказы на ўсе гэтыя пытанні вы зможаце атрымаць на спецыяльнай прэзентацы, якая адбудзецца 10 лістапада ў 19.00 у новай культурніцкай прасторы “Тартак” па адрасе: г. Мінск, вул. Магілёўская, 2, корпус 2, 4-ы паверх (недалёка станцыя метро “Інстытут культуры”, адразу за ГЦ “Мост”).

Глядзіце таксама:

Аповесць “1813” Уладзіміра Садоўскага (урывак )

Зомбі-хорар па-беларуску? Чаму б і не!

Уладзімір Садоўскі: Я хацеў, каб Агінскі калашмаціў зомбі, а не толькі музіцыраваў