Садоўскі: Я хацеў, каб Агінскі калашмаціў зомбі, а не толькі музіцыраваў

У сеціве прадаецца аповесць “1813” пра тое, як Міхаіл Агінскі пад Маладзечнам біўся з зомбі-жаўнерамі.

Пад Маладзечнам увесну пачынаюць ажываць жаўнеры напалеонаўскіх войскаў. Садоўскі зрабіў іх трохі падобнымі на жаб: калі адліга, то яны даволі жвавыя і могуць кідацца на людзей, а як падмарозіць, то і зомбі запавольваюцца. З таго свету іх вярнула цёмная гісторыя з раскапанымі могілкамі яшчэ пад маскоўскім Крамлём.

Падзеі адбываюцца ў рэальных ваколіцах Маладзечаншчыны. Уладзімір Садоўскі вырашыў такім чынам увезці свой горад у літаратуру. “Я люблю чытаць фантастыку. І там гаворка пра ўсялякія Амерыкі, далёкія краіны. І амерыканскія героі там. А мне хацелася напісаць пра нас. Каб былі нашы героі”, — прызнаецца аўтар.

Вайна 1812 года праходзіла праз тыя землі, праз што засталося багата разбурэнняў і розных жахаў кшталту непахаваных жаўнераў на палях. Гэта вызначыла для Садоўскага час апісаных ім падзей: “Большасць гісторый пра зомбі знітаваная з сучаснасцю альбо з Другой сусветнай вайной. І змагаюцца з зомбі ўжо сучаснай зброяй. Аўтаматы, самалёты, танкі — па ідэі, так з імі лёгка змагацца. А мне хацелася акунуць гэтую ідэю ў час, калі зброя не была такой дасканалай. Да прыкладу, парахавыя ружжы, якія трэба было пасля кожнага стрэлу перазараджаць. Ці халодная зброя. Мне было цікава паказаць, як людзі змагаюцца з зомбі”.

У зомбі жаўнеры ператварыліся праз тое, што адзін з атрадаў меў археалагічныя цікаўнасці і разварушыў магілку пад Крамлём у Маскве. Што адбылося далей, даведаецеся з кнігі, але варта дадаць, што, каб забіць тую нежыць, нейкіх чараў удзельнікам гісторыі не спатрэбілася.

Міхаіла Агінскага Уладзімір абраў галоўным героем невыпадкова. На Магілёўшчыне род Агінскіх валодаў замкам, нядаўна ў Залессі аднавілі іх сядзібу. А яшчэ паўплываў ужо цяперашні Фонд Агінскага. “Былі пэўныя сувязі паміж нашым літаратурным гуртком і фондам. І яны перыядычна прасілі напісаць нешта такое, каб там пафас і ўсё такое. Я не люблю на загад пісаць і тады падумаў, што калі ў мяне і будзе штосьці пра Агінскага, то ён у мяне будзе зомбі калашмаціць налева-направа, а не музіцыраваць і пра радзіму складаць кампазіцыі. Спачатку была цьмяная ідэя, а пасля збегліся абставіны, каб Агінскаму стаць змагаром супраць зомбі”.

Як адрэагаваў Фонд Агінскага на кнігу, пакуль невядома. Праўда, падчас краўд-кампаніі некаторыя сябры фонду падтрымалі праект выдання кнігі, бо гэта ж таксама распаўсюд спадчыны Агінскага, хоць і ў такой незвычайнай форме.

Падчас працы над творам Уладзімір перачытаў багата гістарычнай літаратуры, каб не толькі распавесці цікавы сюжэт, але і папулярызаваць сапраўдныя гістарычныя падзеі: “У Агінскага цягам твора бываюць такія флэшбэкі. Ён распавядае пра сваё мінулае, як удзельнічаў у паўстанні Касцюшкі, сваіх дачок згадвае. Я карыстаўся крыніцамі, каб назбіраць рэальныя факты”.

Каб супакоіць аматараў сачыць за фізікай і логікай у фантастыцы, варта адразу адзначыць, што ў “1813” ёсць два дапушчэнні: уласна зомбі і з’яўленне Агінскага на Маладзечаншчыне. Гістарычна ён прыехаў у край у 1814 годзе, пасля таго як вырашыў пытанні са спадчынай.

Уладзімір Садоўскі з ночы чакаў, калі пачнецца продаж кнігі, а цяпер прызнаецца, што вельмі ўзрушаны. Ён задумаў гэты твор яшчэ ў 2011 годзе, а асноўную частку напісаў за 2 месяцы. Пасля напрацоўкі ляжалі пэўны час у шуфлядзе. Скончыць працу дапамаглі абставіны: сталі папулярнымі краўд-кампаніі і з’явілася інтэрнэт-кнігарня kniharnia.by.

 

Марыя Грыц

Глядзіце таксама:

Аповесць “1813” Уладзіміра Садоўскага (урывак )

Зомбі-хорар па-беларуску? Чаму б і не!