Прэзентацыя “Трыццаці тэкстаў” Дзмітрыя Плакса

12.05.2009 Культура

plaks_kniha_sm

Прэзентацыя першай беларускамоўнай кнігі Дзмітрыя Плакса “Трыццаць тэкстаў” адбудзецца 20 траўня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а). Мерапрыемства пройдзе ў рамках Дзён культуры Швецыі ў Беларусі.

Дзмітры Плакс – аўтар некалькі кніг паэзіі на рускай і шведскай мовах, вядомы ў Беларусі найперш як журналіст і перакладчык. Многія памятаюць яго публікацыі ў “Белорусской деловой газете” і знакамітыя “Плаксы” ў газеце “Имя,” надрукаваныя больш за пятнацаць гадоў таму.

Ужо шмат год Дзімтры жыве ў Швецыі, працуе на Шведскім радыё, піша вершы, прозу, п’есы і шмат перакладае – са шведскай мовы на беларускую і з беларускай на шведскую. Традыцыйныя Дні культуры Швецыі ў Беларусі не абяходзяцца без яго перакладаў.

У часопісе “Дзеяслоў” друкавалася беларускамоўная паэзія, проза, драматургія Дзмітрыя Плакса, і нарэшце надыйшоў час першай кнігі па-беларуску.

Вершы Дзмітрыя Плакса незвычайныя нават у святле найноўшых эксперыментаў творчай моладзі. У іх глыбіні тонеш, як у небе…