Нешта не пайшла гэная “чарка”. Дакладна, як гэта бывае з сапраўднай, стала ўпоперак горла і ўсё. Тэкст расцякаецца і плыве, як гарэлка, налітая праз край. І, як у выпадку з гарэлкай, выйсце адно – трэба сябе прымусіць. Што я і раблю, перапісваючы гатовае па ўжо не ведаю якім разе. Далікатная тэма. Зачапіла нас навіна пра тое, што мы першыя ў свеце па спажыванні алкаголю. Моцна мы здзівіліся і пачалі шукаць памылку. І знайшлі не адну нават. Пакрыўдзіліся. І панеслі крыўду сваю на худых плячах у свет белы, каб паскардзіцца куды трэба.
Мая бабуля Марыя, татава мама, касцельная полька з Наваградчыны, мела на ўсе выпадкі жыцця тры прымаўкі і стары малітоўнік. Першая прымаўка гучала засцерагальна: “Будзе як з тым хлопцам”. Хлопец меўся на ўвазе абстрактны, кожнага разу нейкі іншы, і, шчыра кажучы, фраза больш супакойвала, чым палохала. Бо ёсць нехта яшчэ горшы, і тое кепскае, што можа адбыцца са мной, з ім ужо адбылося. У выпадку са злоўжываннем алкаголю ў нашай калектыўнай свядомасці такі хлопец таксама існуе: гэта стэрэатып усходняга суседа, маштабы п’янства якога бачныя няўзброеным вокам. Паглядаючы на ўсход, мы супакоіліся і расслабіліся.
Горшае, аднак, не можа быць мерай – мерай можа быць ідэал, эталон, які, як вядома, захоўваецца недзе ў нашай калектыўнай культурнай матрыцы. Гэтым эталонам вымяраецца кожная паасобная мера, а мера ў сваю чаргу вызначае празмернасць – тое, што не адпавядае норме, выпадае з культурнага поля ці знаходзіцца недзе на маргінэсе. Празмернае ўжыванне алкаголю (а прасцей кажучы, п’янства) – з’ява маргінальная. Празмернасць – гэта не нашае. Між тым, менавіта тыя, хто п’е празмерна (іх каля 20% ад усіх, хто ўжывае алкаголь) забяспечваюць нам алкагольнае першынства, бо выпівае 80% ад агульнай колькасці выпітага ўсімі. Такія лічбы падае тут.бай.
Беларусы, што б там ні казалі, – людзі меры. Памяркоўныя, стрыманыя і закрытыя. “Цо занадта, то не здрова”, – гэта другая прымаўка маёй бабулі. І хаця гучыць яна нібыта па-польску, ў Польшчы яе не ведаюць, а добра ведаюць у нас. Беларусы трымаюцца меры, нормаў, правілаў, не вытыркаюцца і стараюцца не прыцягваць увагі – нам так зручней. “Налівай, бо не ядуць” – такое маглі прыдумаць толькі мы. Алкаголь увогуле не існуе ў нашай культуры сам па сабе, як самастойная каштоўнасць. У нашай традыцыі гастранамічны стыль піцця, а пітво – толькі адзін з элементаў пачастунку, застолля, свята, камунікацыі.
Нашыя “чарка і скварка” з таго ж шэрагу. Кпіць з гэтай фразы – як мнінімум неразумна. Гэта наш эталон, збалансаваны, дасціпны, па-мастацку сфармуляваны ў двух словах. А да таго ж яшчэ і самаіранічны. Толькі недалёкі чалавек можа ўспрымаць гэты выраз літаральна, як формулу нацыянальнай мары. Мера – наша мара. І можа, гэта падасца прыцягнутым за вушы, але нашая калектыўная нерашучасць, мімікрыя, боязь зменаў, спрадвечнае (па Абдзіраловічу) ваганне паміж Усходам і Захадам – гэта другі бок таго ж медаля, гэта таксама пошукі меры, залатой сярэдзіны, збалансаванасці, каб, крый божа, не заваліцца ўправа ці ўлева.
Такі “цырк на дроце”… І гэта, дарэчы, трэцяя прымаўка маёй бабулі. Цырк на дроце не заўжды ідзе нам на карысць. Падладжванне пад вонкавыя фактары, пад чужыя вектары развіцця, часцяком кардынальна супрацьлеглай скіраванасці, вымушае нас адмаўляцца ад уласных каштоўнасцяў, наўзамен якіх паўстае нешта непрагназавальнае, эклектычнае, нежыццяздольнае. Мы можам і павінныя мяняць свае нормы і правілы, калі яны перастаюць адпавядаць актуальным патрэбам, але мусім рабіць гэта прадумана і самі. Калі мы гэтага не робім, а тое, што ёсць, ужо не працуе, нам нічога не застаецца, як толькі час ад часу здзіўляцца сабе самім.
Здзіўляемся мы ўсё часцей: сусветнае лідарства па спажыванні алкаголю як сярод мужчынаў, так і ў жаночай групе, другое месца ў свеце па колькасці разводаў, сталае месца сярод лідараў па колькасці наўмысных забойстваў, і гэта пры тым, што мы абсалютны і нязменны сусветны лідар па колькасці міліцыянераў адносна колькасці насельніцтва. Апошні факт ускосна сведчыць пра тое, што праблемы сумнеўнага лідарства не вырашаюцца рэпрэсіўнымі захадамі. Міліцыя можа толькі загнаць іх як найдалей, што яна і робіць – фасад выглядае адносна прыстойна.
П’ем мы збольшага па хатах, ціха і амаль непрыкметна, як сапраўдныя партызаны. Разам з тым, большасць забойстваў на Беларусі адбываецца падчас сумеснага распіцця алкаголю, на глебе асабістай непрыязнасці, то бок з прычынаў ірацыянальных. Алкаголь – безумоўны каталізатар шмат якіх разбуральных тэндэнцый, ён выклікае залежнасць і замацоўвае гэтыя тэндэнцыі, а ў выпадках, калі выпіваюць абодва бацькі, уцягвае ў гэтыя разбуральныя працэсы дзяцей. Алкаголь, аднак, не прычына, а сродак. Мы ўжываем моцныя напоі не адно стагоддзе і за гэты час адпрацавалі механізмы, нормы і правілы, якія эфектыўна нейтралізуюць яго адмоўныя наступствы.
Пра тое, як гэта дзейнічае (дзейнічала), пра нашу традыцыю, пра тое, якая яна на дух і на смак, – наступным разам. Цяпер пра тое, як мы гэтую традыцыю страчваем. А тое, што мы яе страчваем, бачна ўсё лепей. І страчваем мы не толькі гэтую традыцыю – развальваецца ўвесь комплекс каштоўнасцяў, рвуцца лінкі, не спрацоўваюць коды. Атрымаўшы незалежнасць, мы не здолелі закласці беларускую культуру ў падмурак дзяржаўнай ідэалогіі, не выправілі шкоду, нанесеную саветызацыяй, пра русіфікацыю я ўжо не кажу, яна паспяхова працягваецца дагэтуль. Імунітэт нашай культуры імкліва паслабляецца, а нормы і правілы размываюцца.
Услед за Еўропай мы ставім пад сумнеў сам панятак нормы і ўжо гатовыя яго адмяніць. З Усходу наш светапоглядны вакуум цягне ў наш Дом рознае маргінальнае смецце. Праз адкрытасць інфармацыйнай і культурнай прасторы, праз неабароненасць эканамічнай сістэмы, і г.д. мы лёгка пераймаем ўсё тыя заганы, якімі поўніцца сёння Расія. Трэба прызнаць, што мы развіваемся, крок у крок паўтараючы ўсе адмоўныя тэндэнцыі сучаснай расійскай культуры і адной нагой ужо там. Баюся, што цяпер змены адбываюцца на ўзроўні ментальнасці. Няўжо фраза пра рускіх са знакам якасці не была жартам? Без чаркі, баюся, з гэтым пытаннем ужо не разабрацца.
Міхал Анемпадыстаў