Прышпіліце рамяні — мы ўваходзім у зону цынізму, альбо Пра што сведчаць сёлетнія вынікі Оскара

04.03.2025 Кіно
Найлепшы фільм. Найлепшы рэжысёр. Найлепшы арыгінальны сцэнар. Найлепшы мантаж. Найлепшая галоўная жаночая роля. Амаль татальнае мастацкае дамінаванне камедыйнай драмы «Анора» над астатнімі фаварытамі ўчорашняй прэміі «Оскар» (не пашанцавала толькі расійскаму актору Юру Барысаву ў намінацыі «Найлепшы актор другога плана») апынулася наколькі прадказальным, настолькі ж і расчаравальным. Пра сёлетнія вынікі «Оскара» піша кінакрытык Тарас Тарналіцкі.

Taras Tarnalicki
Тарас Тарналіцкі. Фота з асабістай старонкі ў Facebook

Стужка пра крохкі раман па разліку паміж сынам эксцэнтрычнага расійскага алігарха Іванам (Марк Эдэльштейн) і сэкс-супрацоўніцай Анорай з постсавецкімі каранямі (Майкі Мэдысан) увесь кінасезон дэманстравала непахісна пераможны настрой.

Пачынаючы з прэм’еры на Канскім кінафестывалі, дзе фільм атрымаў Залатую пальмавую галінку, і сканчваючы трыумфальным шэсцем па прэміях галівудскіх гільдый: актораў, сцэнарыстаў, рэжысёраў, прадзюсараў.

Пры такім раскладзе разлічваць ад калегіяльнага рашэння галівудскіх кінаакадэмікаў сапраўднай інтрыгі было б верхам наіўнасці.

А як іначай — на сваім восьмым па ліку поўнаметражным фільме прадстаўнік амерыканскага індзі-кіно Шон Бэйкер узвёў паслядоўнае ўсхваленне нязломнасці «маленькіх людзей» у вялікай Амерыцы ў ранг сапраўднай каляднай казкі з суцяшальным канцом — і гэтым зачараваў увесь Заходні кінасвет. Акрамя той самай неўдзячнай постсавецкай прасторы, якая ўжо тры гады жыве ў змярцвенні ад набіраючай абароты вайны ва Украіне.

«Anora»
   Крыніца: tsargrad.tv

Нягледзячы на ўвесь гуманістычны вайб, у «Аноры» засмучае не аўтарскі погляд на зацэментаваныя стэрэатыпы пра рускамоўных эмігрантаў, а непадуладны прадзюсарам і маркетолагам геапалітычны кантэкст, які стужку атачае.

Ці згодны вы смяяцца ў кінатэатры з істэрык эксцэнтрычнага расійскага алігарха і яго жонкі? З недарэчнасцяў яго армянскіх і расійскіх памагатых, якія імкнуцца паставіць крыж на шлюбе недарэчных Рамэа і Джульеты? З жартаў пра пельмені, калі ў вашым смартфоне чакае свежая порцыя навін пра сапраўдных рускіх? Пра тых што з ракетамі, дронамі і марамі пра радзіму ад «Брэста да Уладзівастока».

Я — дакладна не.

Масла ў агонь палярызацыі падлілі паводзіны свежага амерыканскага ўраду Дональда Трампа, які вырашыў спыніць вайну праз залагоджванне Пуціна і поўнае спыненне ваеннай падтрымкі Украіны. 

Амерыканскія кінаакадэмікі толькі зрабілі тое, што ўсім было даўно відавочна — нарэшце праявілі эмпатыю да расіян.

Ніхто і не аспрэчвае, што «Оскар» ніколі не задаваў мастацкіх трэндаў. У яго місія была іншай — шчыра адлюстроўваць палітычныя рэаліі, пануючыя ў краінах Захаду. А ў іх эмоцыя простая — яны стаміліся ад зацягнутай трагедыі расійскага імперыялізму.

У гэтым годзе дэмакратычны Галівуд, які не абіраў словаў адносна асобы Дональда Трампа яшчэ пяць гадоў таму, нечакана салідарызаваўся з Белым домам у сваёй нармалізацыі «рускага свету» ва ўсёй яго шматграннай раскошы. Падзея цалкам ненаўмысная, але не пазбаўленная горкага сімвалізму.

Tramp i Pucin
 Крыніца: ТСН.ua

Пакуль Трамп зачароўваецца сваім нязломным сябрам Пуціным, кінаакадэмікі не скупяцца на кампліменты ў адрас актора Юры Барысава. Расійская прапаганда змярцвела ад эйфарыі — пра такі двайны падарунак ад свайго прыдуманага ідэалагічнага праціўніка яна не магла і марыць.

Але гэта не толькі знак ім, але і папярэджанне ўсім нам — час каштоўнаснага падыходу сышоў у нябыт. 

Прышпіліце рамяні — мы ўваходзім у зону цынізму і прагматычнага разліку, дзе прадстаўнікам невялікіх краін і неўплывовых культур прыйдзецца нясоладка.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org