У сядзібе Гміны Чыжы адзінагалосна прагаласавалі за прысваенне імя Віктара Шведа пачатковай школе ў Чыжах. Гэта вялікая радасць і сімвалічная падзея да стагоддзя Віктара Шведа, якое будзем адзначаць 23 сакавіка, піша Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
Таксама, 23 сакавіка, у Падляшскай оперы і філармоніі адбудзецца прэм’ера спектакля «Віця» да стагоддзя беларускага паэта.
Віктар Швед нарадзіўся 23 сакавіка 1925 году ў вёсцы Мора на Падляшшы. Творчасць Віктара Шведа — гэта сямнаццаць зборнікаў вершаў па-беларуску і ў асабістым перакладзе на польскую мову. Пад канец жыцця выдаў яшчэ дзве кнігі ўспамінаў «З Мора ў горад». Быў сябрам Саюза польскіх літаратараў і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Атрымаў шматлікія адзнакі і ўзнагароды.