Прывітаем Аўсеня – 21 сакавіка

На залесенай гары ў Менску ў пару веснавога раўнадзення сустрэнем першую зару новага года, паведамляе svajksta.by.

20200316_aus2.jpg

Аўсень – імя, яно значыць “Зіхоткі”. Гэта даўняе боства світанку. Асабліва важны – першы світанак года, ён пачынае год, ён – мяжа і правобраз усіх межаў у свеце. Першая зара года – момант, які адсылае да пары стварэння свету. Перш за Аўсеня было перадсветнае бязэднае мора і пухір у ім. З Аўсенем “свет пачаў жыць”. Вітаючы Аўсеня, усё абнаўляецца, усё – здаровенькае як на самым пачатку; гэта найбольш актуальна якраз цяпер.

Нам пашчасціла, што імя Аўсеня захавалася ў назве стравы “аўсень” на Смаленшчыне – гэта абмазаная цестам і запечаная галава парсюка. Ужо не першы год гатуем і спажываем гэтую абрадавую страву. Нашы продкі гэтак выявілі той першакамяк у першаморы. З абвужанасці – у свет. Таму і яйкамі велікоднымі цюкаюцца – але абмазаная цестам галава гэта прыгажэй і шматстайней.

Ушанаванне Аўсеня – старая балцкая спадчына. Па суседстве з намі гэтае імя найпаўней захавалі латышы – Усіньш, Усеніс, Усіціс, Усс, у Латгаліі – Еўсеньш. У латышскіх дайнах пра яго пяецца: “Ён прыносіць дрэвам лісце, Зямлі – зялёных яблычкаў”. Часта згадваецца, што яму ахвяруюць чорнага пеўня: “Даю Усіню што абяцаў: Чорнага пеўня, чырвоны грабяшок, з усімі кіпцюрочкамі”. Але пеўня рэзаць не будзем, хоць латышы так часам цяпер робяць.

Ёсць тут і яшчэ адзін зусім малавядомы, але інтрыгуючы складнік. Акадэмік Тапароў выказваў думку, што з тым жа старым коранем aus- “зіхацець” звязаныя назвы рэчак Уса і Уша. Гэта звыклая рэч – называць рэчкі нешта кшталту “блішчастая”. Але прыкметна, што адны Уса-ды-Уша цякуць у Нёман, іншыя Уса-ды-Уша – у Бярэзіну, гэта значыць – у розныя бакі цякуць, нібы з адной гары, прэч з Менскага ўзвышша. А рэкі, што цякуць з гары (згадайма Сцёб-камень), – дужа старажытны вобраз, і ён таксама адсылае да першых часоў, калі гара – бы той першакамяк, а рэкі – што з яго вызвалена. Дарэчы, і ў іншых месцах рэчкі з назвамі кшталту Уса, Усія, Усожа – таксама цякуць з самага водараздзелу буйных рэк. Гара, струмяні з яе, Аўсень – гэта штось адно.

Вядома, гэта ўсё – суправаджальныя, нават факультатыўныя, звесткі, а ядравае – як пачуецца ўнутры свята. Стан у чаканні першага світанку можа быць нашмат больш уражлівым (бо аб’ёмны) за ўсе тыя знешнія звесткі, якія – бы лісце.

AUSENIS20-736x1024.jpg

Сёлета веснавога раўнадзення шматлюднымі святамі не святкуюць ні ў Літве, ні ў Латвіі – з прычыны каранціну масавыя сходы, у тым ліку на паветры, там скасаваныя. У нас забароны няма (прынамсі, на гэты момант), таму – збяромся.

Кантакт арганізатараў: svajksta@gmail.com