13 студзеня ў сярэднюю школу № 54, дзе сабраліся вучні 5-х і 6-х класаў, завітаў тэатр “Лямцавая Батлейка”, каб прадставіць кніжку шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм – “Суперкніга пра Біла з Болаю”.
Выйшла гэтая кніга напрыканцы 2017 года ў выдавецтве Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гісторыю звычайнай сям’і, дзе нараджаецца і выхоўваецца незвычайная дзяўчынка, пераклалі на беларускую мову Надзея Кандрусевіч і Алеся Башарымава, а таленавіты беларускі паэт Андрэй Хадановіч геніяльна завершаваў пераклад.
Тэатралізаванае чытанне пешай часткі “Суперкнігі” ад тэатра “Лямцавая Батлейка” праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Радасныя клопаты, танцы, смех, пачуццё разгубленнасці, дыягназ дактароў, прыняцце і паразуменне – важныя моманты, запісаныя простымі словамі роднай мовы. Дзеткі ўважліва слухалі, усміхаліся, пляскалі ў далоні, рабілі смешную пантаміму, прыціхлі, калі адчулі боль і страх дарослых.
Пасля чытання ўсе вырашылі, што гэты аповед і страшны, і сумны, і вясёлы, як наша рэальнае жыцце. А ўсе мы мусім прымаць адзін аднога як ёсць, з павагай да сябе і да іншых, з паразуменнем.
Важная тэма, важныя словы, важная кніга – Суперкніга! Чытайце на роднай мове!