8 верасня ў Мінскім абласным ліцэі прайшоў Дзень беларускага пісьменства з удзелам паэта Міхася Скоблы і спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай. Нягледзячы на тое, што на сустрэчы прысутнічалі пераважна “тэхнічныя” класы, сустрэча прайшла ў атмасферы сапраўды сяброўскага паразумення. М. Скобла расказаў пра свой удзел у нядаўнім свяце беларускага пісьменства ў Полацку, пра адкрыццё там велічнага помніка “Калыска беларускай дзяржаўнасці”, пазнаёміў вучняў са сваімі вершамі і прэзентаваў “яшчэ пахнучую друкарскай фарбай” новую кнігу “Выспятак ад Скарыны”. “У гэтай кнізе, – зазначыў пісьменнік, – да кожнага эсэ падабраны эпіграф са Скарыны, з яго прадмоваў і пасляслоўяў. Скарынавы тэксты – гэта скарбніца залатых мудраслоўяў, якія не прыцьмелі і за паўтысячагоддзя. Скарына і сам як эпіграф да ўсёй Беларусі – еўрапейскай, полацкай, вялікакняскай, кніжнай, хрысціянскай, міралюбнай і толькі пры крайняй неабходнасці ваяўнічай (згадайма знакамітае выслоўе пра “пчолаў, што бароняць вуллі свае”)”. Т. Грыневіч-Матафонава выканала песні на вершы беларускіх класікаў, падаравала ліцэю дыск “Галасы паэтаў”. На сустрэчы, арганізаванай выкладчыцай Ліліяй Нічыпараўнай Раманоўскай, прысутнічала каля 200 ліцэістаў. Як аказалася, шмат хто з іх таксама займаецца творчасцю, што і была прадэманстравана гасцям. За найлепшыя песні і вершы юныя творцы атрымалі памятныя сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.