У гэтым годзе ўся культурная Беларусь шырока адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, подзвіг Францыска Скарыны, які даў магчымасць беларускаму народу прымкнуць да вечнай і невычэрпнай біблейскай мудрасці. Культурніцкая акцыя “Пяцісотгоднасць” не абмінае Бярозаўшчыну, якая, як вядома, зрабіла значны ўнёсак у літаратурную скарбоўніцу такімі імёнамі, як Ніна Мацяш, Мікола Арахоўскі, Раіса Баравікова, Алесь Разанаў і інш. У дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бярозка” 4 жніўня, у межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прайшла паэтычная імпрэза, прысвечаная слыннай даце. Творчую сустрэчу з дзецьмі, якія праходзілі аздараўленне ў 3-яй змене лагера, правялі берасцейскія літаратары: намеснік старшыні абласнога літаб’яднання “Берасцейшчына” Валянціна Осіпава , баранавічская паэтка-бард Галіна Ліс і член Саюза беларускіх пісьменнікаў Раіса Раманчук. Паэткі чыталі вершы пра каханне і дабрыню, пра Радзіму і родную беларускую мову, на якой, на вялікі жаль, не многія з нас пакуль размаўляюць. Але абнадзейвае той факт, што многія маладзёны сталі прыязна ставяцца да роднай гаворкі і лічаць за гонар паўсядзённа ўжываць менавіта беларускую мову, а не мову нашых усходніх суседзяў. Пад час выступу многа ўвагі ўдзялалася тэме дабрыні і пераемнасці пакаленняў. Паэткі пазнаёмілі слухачоў не толькі з вершаваным, але і з песенным рэпертуарам. Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі вершы берасцейскіх паэтак, разам спявалі, прыймалі актыўны ўдзел у гістарычна- інтэлектуальнай віктарыне. У зале панавала надзвычай цёплая эмацыйная атмасфера.
Акцыя “Пяцісотгоднасць” дала магчымасць вучням зрабіць экскурс у гістарычную эпоху Адраджэння, узгадаць падзеі даўно мінулых гадоў, якія і праз паўтысячагоддзе не згубілі сваёй актуальнасці. Сустрэча праходзіла ў форме актыўнага дыялогу. Выхавацель Галіна Міхайлаўна Руціч таксама падзялілася сваімі ўражаннямі ад наведвання Прагі, у якой на помніку Францыска Скарыны ўваслаўлены подзвіг беларускага першадрукара шыльдамі на чэшскай і беларускай мовах. Прысутным было прыемна пачуць, што нашы славянскія браты так высока ўшаноўваюць памяць нашага нацыянальнага героя. Берасцейскіх літаратараў прыемна ўразіла добрае валоданне вучнямі як гістарычным матэрыялам, так і літаратурным. Дзеці добра ведаюць імёны нашых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, наперабой называлі сваіх любімых аўтараў. Многія з іх за актыўны ўдзел атрымалі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” памятныя паштоўкі і сувеніры. Паэткі заклікалі дзяцей да ўласнай творчасці, якая дапамагае не толькі гарманічнаму развіццю асобы і фарміраванню пачуцця ўласнай годнасці, але і выпрацоўвае камунікацыйныя навыкі. Валянціна Осіпава перадала ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у дар бібліятэцы кнігі і часопіс “Верасень”, на старонках якога актыўна друкуецца беларуская моладзь. Адміністрацыя “Бярозкі” шчыра падзякавала паэткам за цікавую сустрэчу і запрасіла гасцей пазнаёміць са сваёй творчасцю і наступную змену. Прыемна, што ў план аздараўлення ў дзіцячым лагеры ўваходзяць і такія пазнавальныя сустрэчы, якія не толькі фарміруюць светапогляды маладога пакалення, садзейнічаюць павышэнню культурнага ўзроўню, але і на ўсё жыццё астаўляюць уражанне ў успрыймальных дзяцячых сэрцах.