14 лістапада ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць” у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы і ў Народным музеі Слонімскай сярэдняй школы № 4 адбыліся прэзентацыі кнігі “Гісторыя Сапегаў: жыццяпісы, маёнткі, фундацыі” – з удзелам гасцей з Мінска, пісьменніка і рэдактара кнігі Міхася Скоблы і спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай. У Дзятлаўскай бібліятэцы прэзентацыю распачаў мясцовы грамадскі дзеяч, былы педагог Валерый Петрыкевіч. Ён распавёў прысутным пра Сапегаў і Дзятлаўшчыну. А потым даў слова Міхасю Скоблу, які адзначыў, што “Гісторыя Сапегаў” – гэта своеасаблівая энцыклапедыя Сапегаўскага роду, які пакінуў значны след у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. На старонках выдання, распавёў даследчык, змешчана 85 падрабязных жыццяпісаў найбольш выдатных Сапегаў, якія займалі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ (канцлер Леў, гетман Казімір Ян, генерал артылерыі і ўдзельнік паўстання 1794 г. Францішак ды інш.). Знойдзе чытач у кнізе і апісанні 72 сапегаўскіх маёнткаў і фундацый, сярод якіх і дзятлаўскі касцёл (захаваўся да нашых дзён), і дзярэчынскі палац непадалёк ад Слоніма (быў разбураны ў 1946-м). У Народным музеі слонімскай СШ № 4 прэзентацыю “Гісторыі Сапегаў” распачаў літаратар і краязнавец Сяргей Чыгрын. Ён распавёў пра ролю Льва Сапегі ў гісторыі слонімскай зямлі. А потым выступаў Міхась Скобла, які пашкадваў, што да гэтай пары слонімскаму старосту Льву Сапегу (займаў гэтую пасаду доўгі час) у горадзе няма помніка. Выступоўцаў дапаўняла цудоўнымі песнямі выдатная беларуская спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, якая найбольш актыўным вучням уручыла сувеніры-памяткі ад кампаніі “Пяцісотгоднасць”.
Сяргей Баль, Радыё Рацыя