«Пяцісотгоднасць» завітала ў Віцебск (ФОТА)

25 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава прайшла гістарычная лекцыя-віктарына “Пяцісотгоднасць”, прысвечаная юбілею беларускага кнігадрукавання, што ладзіцца грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Таццяна Грыневіч-Матафонава ў акружэнні гледачоў

У чытальнай залі ўніверсітэцкай бібліятэкі сабраліся не толькі студэнты гістарычнага і філалагічнага факультэтаў, але таксама віцебскія школьнікі, выхавацелі дзіцячых садкоў горада і слухачы курсаў перападрыхтоўкі.

На сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі ўніверсітэта, бібліятэкары, сярод іншых былі: рэдактарка газеты “Мы і час”, кіраўніца віцебскай абласной філіі ГА “СБП” Анастасія Лазебная, сябра філіі, празаік Франц Сіўко. Выкладчыца і загадчыца ўніверсітэцкага літаратурнага музея Ірына Саматой выконвала таксама і ролю мадэратаркі імпрэзы.

Усевалад Сцебурака 

Памочнік старшыні ГА “СБП”, паэт і лектар Усевалад Сцебурака пазнаёміў аўдыторыю з яскравымі старонкамі пакручастага лёсу беларускай кнігі, знакавымі постацямі, цікавосткамі і таямніцамі яе багатай гісторыі. Удзельнікі і пераможцы віктарыны атрымалі прызы ад арганізатараў.

Таццяна Грыневіч-Матафонава і Усевалад Сцебурака

Сустрэча завершылася выступам спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай, якая пазнаёміла слухачоў са сваёй творчасцю і прэзентавала дыскі са спевамі і вершамі для школьнікаў.

Фота Алесі Дуброўскай

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”