Літаратурная пляцоўка на фэсце «Летуцень» — праграма

1 жніўня ў кракаўскім парку Jordana пройдзе беларускі фестываль «Летуцень». Чакаюцца музычныя выступы, кірмаш майстроў, адукацыйныя і дзіцячыя актыўнасці, фудкорт і многае іншае. Каманда фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova падрыхтавала адмысловую праграму на літаратурнай пляцоўцы ў межах фэсту LTCŃ, піша bellit.info.

Afiša

Літаратурная пляцоўка будзе працаваць з з дванаццатай да васямнаццатай гадзіны.

12.00–13.00 «Забойствы, цмокі і штучны інтэлект»: што адбываецца з беларускай літаратурай?

У той час як адны чакаюць ад беларускай літаратуры выключна трагедый і гістарычнай прозы, іншыя пішуць дэтэктывы, фэнтэзі, фантастыку, кіберпанк і трылеры. Гаворка пойдзе пра тое, ці з’явілася ў Беларусі сапраўдная масавая літаратура, хто яе чытае і чаму жанравыя кнігі могуць быць не менш важнымі за «вялікую літаратуру». Абмяркуем творы Камілы Цень, Клёка Штучнага, Андрэя Горвата, Сашы Філіпенкі, а таксама беларускія пераклады сусветных бэстсэлераў.

Удзельнікі: выдаўчыня Валянціна Андрэева і пісьменнік Цімур Кудзеліч, мадэратарка — Лілія Ільюшына

13.10–14.10 Як выжыць пад чужой уладай: лайфхакі ад польскіх паэтаў.

Андрэй Хадановіч і Марына Казлоўская паразважаюць пра іронію, абсурдызм, алкаголь ды іншыя спосабы культурнага супраціву. Рэцэпты славутых набэлістаў і зорак кракаўскай багемы. Вершы Чэслава Мілаша, Віславы Шымборскай, Канстантага Ільдэфанса Галчыньскага ды прэзентацыя іх кніг па-беларуску.

Удзельнікі: паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч і літаратуразнаўца Марына Казлоўская

14.20–15.20 «Гаварыце па-чалавечаскі» — трасянка як нацыянальная прыкмета беларусаў і форма мастацкай выразнасці і ў творчасці.

Якія віды трасянкі бываюць? Якія працэсы ў грамадстве яна адлюстроўвае? Для чаго музыкі, пісьменнікі і акторы абіраюць трасянку мовай сваёй творчасці?

Удзельнікі: актор і музыка Павел Гарадніцкі, перакладчыца і філалагіня Наста Карнацкая, паэт і музыка Уладзь Лянкевіч. Мадэратарка — Дар’я Бялькевіч.

15.30–16.50 Хіханькі-хаханькі: смешныя тэксты і несур’ёзныя знаёмства

Прэзентацыя зборніка «Хіханькі-хаханькі» пра смешнае, несур’ёзнае і камічнае ад лабараторыі фем-пісьма «Расцяжэнне».

На імпрэзе арганізатарка і ўдзельніца праекта «Расцяжэнне» раскажуць пра лабараторыю, падзеляцца тым, як з’явілася кніжка «Хіханькі-хаханькі», прачытаюць тэксты са зборніка, абмяркуюць беларускую літаратуру і жаночае пісьмо.

У другой палове сустрэчы ўдзельні:цы прапануюць наведвальнікам імпрэзы пазнаёміцца адно з адным, успамінаючы смешнае, прыемнае і радаснае, каб гэтым падзяліцца.

На імпрэзе можна будзе зрабіць данат на псіхалагічныя кансультаціі для беларусак у сітуацыі крызісу/гвалту і атрымаць кнігі: зборнікі лабараторыі «Расцяжэнне» ці кнігі сучасных беларускіх аўтарак.

Удзельні:цы: Лена Шандрак, Марні Вішнеўская

17.00–18.00 «І жылі яны доўга і шчасліва?»: дыскусія пра вобразы шчаслівых людзей у беларускай літаратуры.

На прыкладзе персанажаў з твораў Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа абмяркуем, ці стварае класічная беларуская літаратура вобразы шчаслівых людзей і ці ўплывае гэта на папулярнасць пэўнага аўтара.

Удзельніцы — суаўтаркі падкаста «Спіс на лета» паэтка, мэнэджарка культуры Дар’я Бялькевіч і літаратуразнаўца Марына Казлоўская

Таксама плануецца продаж кніг ад беларускіх выдавецтваў Gutenberg Publisher, «Янушкевіч», Skaryna Press, «Камунікат», Rozum media. Кірмаш арганізаваны «Асацыяцыяй беларускіх выдаўцоў».