Дзяжа
У іерархіі рэчаў хатняга ўжытку дзяжа (дзежка, хлебніца) займала асаблівае месца. Яна выступала не проста як утылітарная рэч, а як абрадавы атрыбут, звязаны з культам хлеба. У ёй рашчынялі хлеб, замешвалі і заквашвалі цеста. У ёй пакідалі кавалак цеста ў якасці закваскі на наступную рошчыну. “Таму дзяжу ніколі не мыюць, толькі захоўваюць у чысціні, як мага шчыльней закрываючы палатном і драўлянай накрыўкай. Дзякуючы гэтаму ў яе не праходзіць пыл і не вытыхаецца закваска. А паколькі пры кожнай выпечцы цеста зменьваецца, то ў пасудзіне не заводзіцца ніякая шкода. Ставяць абавязкова ў сухім памяшканні. Паветра там павінна быць чыстым, бо гніласныя выпарэнні пашкодзяць хлебу. Хлебную дзяжу нельга ўжываць ні на што іншае”, – такія парады дае нам “Літоўская гаспадыня”. Дзяжу ніколі не мылі (толькі скрэблі нажом), закваска магла жыць там гадамі. Можна сказаць, столькі, колькі жыве сям’я, чалавек. Немагыма ўявіць, якая такім чынам назапашваецца энергетыка. Усё гэта нібыта стварае карані і яднае мінулае, цяперашняе і будучыню ў адно непадзельнае.
Дзяжа ўяўляе сабой невысокую бочку, крыху завужаную зверху, з накрыўкай – векам. Яе вышыня прыкладна роўная дыяметру верхняга краю, аб’ём каля 20-40 літраў. Найлепшым дрэвам для яе лічыўся дуб, а таксама сасна, у якую трапіла маланка. Часцяком у дзежку, зробленай з сасновага дрэва, устаўлялі прынамсі некалькі дубовых клёпак. Закваску падчас захавання прыціскалі менавіта да дубовай клёпкі. Пажадана, каб дзежка была “жаночая” – мела цотную колькасць клёпак.
З дзяжой звязана безліч забабонаў. Па ёй нельга стукаць, ставіць на зямлю. Яе нельга пазычаць у іншы дом: “дзяжа не паважае чужыя парогі”. Новую дзежку клапатліва “прыручалі”: ставілі на суткі побач са старой на адной посцілцы пад адной накрыўкай. Старую выкідаць забаранялася, яе ставілі на покуці і выкарыстоўвалі для захавання пірагоў, печыва. Дарэчы будзе прыгадаць Нікіфароўскага: “Некоторые причуды квашни требуют: а) чтобы она установлена была на одежную подстилку — шубу, армяк, балахон; б) чтобы слегка теплая вода пропускалась в нее чрез решето, а в крайнем случае — чрез ладонь и пальцы левой руки стряпухи; в) чтобы “учинныя” мука всыпалась руками стряпухи; г) чтобы “утвора” взбалтывалась специальною колотовкою, которая должна оставаться в ней; и д) чтобы квашня была прикрыта опять же верхнею одеждою в таком расчете: если под квашней женская одежда, на квашне должна быть мужская, и наоборот. Те же причуды квашни требуют, чтобы она занимала неизменное место от “утворы до замесы” и чтобы с нею во все время до выскреба теста ведалось одно лицо”.
Вялікдзень заўжды святкавалі вельмі ўрачыста. Да яго старанна рыхтаваліся, прыбіралі хату і падворак. На Перадвелікодным, “Белым”, тыдні ладзілі рытуал ачышчэння дзяжы, пра які казалі, маўляў, “дзяжа да споведзі пайшла”. Дзяжу старанна скрэблі, церлi соллю, цыбуляй, часнаком, абкурвалi воскам, верасам. Яе ўпрыгожвалі: перавязвалі чырвоным жаночым пасам, накрывалі ручніком. Пасля гэтага дзяжу выносілі на падворак і ставілі на слупе варот. Раніцай з першымі промнямі сонца дзяжу неслі ў хату.
Увогуле, падыманне цеста атаесамлялася з ростам дзіцяці, таму дзяжа ўспрымалася як сімвал плоднасці, эквівалент жаночага чэрава, жанчыны наогул, цяжарнай у тым ліку.
Падчас вясельнага абраду вельмі важнай часткай быў пасад маладых. Для атрымання канчатковай згоды на шлюб і бласлаўлення бацькамі жаніха і нявесту садзілі на дзяжу, засланую вывернутым кажухом. Садзіцца на дзяжу было дазволена толькі цнатліваму. Калі на пасад садзіўся нецнатлівы чалавек, гэта пагражала бедствамі, няўродамі і звядзеннем скаціны ва ўсіх родных.
Века дзяжы выкарыстоўвалі падчас урачыстага паднашэння караваю.
Дзяжы надаваліся магічныя функцыі, ахоўныя якасці. У дзяжу глядзелі, каб не баяцца нябожчыкаў. Каб уратавацца ад гарэзаў дамавіка, накрывалі свечку дзяжой і хуценька падымалі пры яго з’яўленні. У яе садзілі (ці клалі) хворае дзіця, каб зняць бяссонніцу, спалох, сурокі. У новае жытло першымі пускалі котку, пеўня і заносілі дзяжу. Менавіта дзяжу, як і хлеб і зерне, ставілі на тое месца, дзе ляжаў нябожчык, – каб жыццё перамагло смерць.
Хлебная лапата
Дзяжа і хлебная лапата заўсёды ўяўляліся як непадзельная пара. Таму выраблялі ці куплялі іх звычайна парай. Разам з дзежкай лапату чысцілі напярэдадні Вялікадня.
З дапамогаю лапаты цеста саджалі ў печ і даставалі з яе бохан хлеба. Пасля таго як хлеб пасадзілі ў печ, лапату трэба было падняць як мага вышэй, дакрануцца да бэлькі або пячной трубы, каб хлеб добра падняўся. Звычай забараняў выкарыстоўваць лапату не паводле прызначэння.
Хлебная лапата мела прамавугольную альбо круглаватую плоскасць даўжынёй 35-50 і шырынёй 25-30 см і доўгае, 110-135 см, дзяржанне дыяметрам каля 3,5 см. Найчасцей рабілі яе з дошкі лісцевага дрэва. Каб цеста лягчэй ссоўвалася на чарэнь печы, краі лапаты рабілі танчэйшымі. Захоўвалі лапату ў варыўні альбо ў каморы.
Лічылі, што паспрыяць хлебная лапата можа не толькі людзям, але і жывёле. Каб карова “прыйшла з цяляткам”, перш чым адправіць да быка, яе тройчы “перакрыжоўвалі” (злёгку білі па спіне) лапатай. Верылі таксама, што з яе дапамогай можна абараніцца ў непагадзь. Дзеля гэтага падчас навальніцы лапату выкідалі на двор.
З хлебнай лапатай звязаны рытуал “перапякання дзіцяці”: хворае дзіця маці саджала на лапату і клала на прыпечак, маўляў, сімвалічна саджала хлеб у печ. Пры гэтым дзіця нібыта вяртаецца назад у чэрава маці і нараджаецца зноў, “новым” і здаровым.
Алесь Прышывалка, кіраўнік праекта ŽORNY