“П’яўка” — не бульварны раман, а вельмі інтэлектуальны твор

piauka1

Прэзентацыя рамана Юрыя Станкевіча “П’яўка” адбылася 10 сакавіка ў кнігарні “ЛогвінаЎ”. На жаль, сам аўтар не змог прыйсці на сустрэчу, затое расказаць пра яго творчасць прыйшлі вядомыя беларускія літаратары.

adamovich
Славамір Адамовіч

Сваімі ўражаннямі пра пісьменніка і яго раман падзяліліся літаратар і выдавец Зміцер Вішнёў, паэт і перакладчык Сяржук Мінскевіч, паэт і грамадскі дзеяч Славамір Адамовіч, паэтка і літаратурны крытык Віка Трэнас. У прамежках паміж выступамі літаратараў Агата Ракава і Ірына Хамрэнка чыталі ўрыўкі з рамана празаіка. Таксама падчас вечарыны свае вершы прадэкламавалі Сяржук Мінскевіч і Славамір Адамовіч.

trenas
Віка Трэнас

Віка Трэнас пра Станкевіча:

— Ён вельмі асцярожна ставіцца да словаў, вымаўленых у тэлефонных размовах альбо падчас гутаркі, таму што ўвесь запас свайго мыслення ён выказвае менавіта ў сваёй прозе. То бок ён выношвае ў сабе думкі, фармулёўкі і тэзісы будучых твораў. Мне здаецца, што сапраўдны празаік ёсць насамрэч такім.

minskevich2
Сяржук Мінскевіч

Сяржук Мінскевіч пра прозу Станкевіча:

— Калі я чытаў творы Станкевіча, мне ў галаву прыйшла такая думка: усе ведаюць, што існуе аўтарскае кіно. Дык вось, калі перанесці гэта на прозу, то творчасць Станкевіча — гэта і ёсць аўтарская проза.

vishniou
Зміцер Вішнёў

Зміцер Вішнёў пра раман Станкевіча “П’яўка”:

— “П’яўка” выйшла ў канцы 2010 года, але за кароткі час здолела трапіць у першыя радкі розных рэйтынгаў як найлепшая кніга прозы за 2010 год. Па продажах гэты раман таксама ў лідарах. “П’яўка” — гэта не бульварны раман, а вельмі інтэлектуальны твор, які знаходзіць свайго ўдзячнага чытача.

Раман “П’яўка” створаны ў жанры антыўтопіі. Аўтар скіроўвае чытача ў 2050 год — час, калі чалавецтва, спасцігнуўшы шэраг тэхнагенных і экалагічных катастрофаў, хістаецца і трымціць перад іх наступствамі. Твор прыцягвае вострым сюжэтам і стылістычнымі вынаходкамі. Па выніках рэйтынгу, які падводзілі выдавецтвы “Галіяфы” і “Каўчэг”, раман “П’яўка” атрымаў званне “Найлепшая кніга прозы — 2010”.

chytaiuc-tvory-stankevicha
Ірына Хамрэнка і Агата Ракава

Зміцер Вішнёў, заснавальнік выдавецтва “Галіяфы”, дзякуючы якому раман “П’яўка” пабачыў свет, паведаміў budzma.org, што сёлета плануецца выданне новай кнігі Юрыя Станкевіча.

“Літаральна цягам гэтага месяца спадар Станкевіч дашле нам рукапіс новай кнігі, — кажа выдавец Зміцер Вішнёў, — і калі не будзе ніякіх накладак, то спадзяемся, што да канца гэтага года яна пабачыць свет. Назвы кнігі я пакуль не ведаю”.

Юры Станкевіч — вядомы беларускі празаік, драматург, сцэнарыст. Аўтар некалькіх раманаў, апавяданняў, а таксама п’есаў і кінасцэнароў. Ягоныя творы перакладзеныя на розныя мовы свету. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтра.