У гасцях у вучняў і настаўнікаў Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна і Слонімскай гімназіі № 1 пабывалі беларускі бард, пісьменнік і журналіст Зміцер Бартосік і даследчык беларускай культуры і літаратуры Сяргей Чыгрын.
Зміцер Бартосік пазнаёміў вучняў і настаўнікам з гісторыяй бардаўскай песні. Ён выканаў некалькі песень расійскіх бардаў у перакладзе Рыгора Барадуліна, а таксама распавёў пра гісторыю беларускай бардаўскай песні, дапоўніўшы сваё выступленне патрыятычнымі і жартоўнымі беларускімі песнямі.
Сяргей Чыгрын распавёў пра лёс беларускіх скарбаў, якія за апошнія некалькі стагоддзяў былі скрадзены з беларускай зямлі, у прыватнасці, крыж Еўфрасінні Полацкай, залатыя апосталы князёў Радзівілаў, шахматная дошка Льва Сапегі са Слоніма і сотні іншых. Даследчык нашай гісторыі адказаў на пытанні настаўнікаў і вучняў, асабліва шмат з іх было, звязаных з архівамі і дакументамі Жыровіцкага манастыра і г.д.
Пасля дзвюх сустрэч, вучні і настаўнікі вельмі шчыра прасілі, каб беларускія літаратары і барды выступалі ў іх часцей, бо ім дужа прыемна паслухаць беларускае слова і песні на роднай мове.
На памяць аб сустрэчы госці падаравалі школьным бібліятэкам кнігі беларускіх аўтараў, закладкі для кніг і паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбываліся выступы.
Тэгі: Жыровічы