Радаўніца: як ушанаваць продкаў?

Адкуль паходзіць назва свята Радаўніца і як можна ўшанаваць памяць продкаў у сучасных умовах, распавядаем у артыкуле.


rad02.jpg

Адкуль паходзіць назва Радаўніца

У беларускім народным календары важнае месца займаюць традыцыі ўшанавання продкаў. Бадай на кожнае цыклічнае свята прыпадае свой памінальны дзень. Звычайна ён называецца Дзяды: Масленічныя, Троіцкія, Змітраўскія... Але ёсць і іншыя памінальныя дні.

Так, Велікодны дзень ушанавання продкаў называецца Радаўніца (Рудуніца, Вялікдзень памерлых). Яшчэ можна сустрэць назву Наўскі Вялікдзень. Часта іх атаясамляюць (відаць, гэта пайшло з вікіпедыі, дзе Радаўніца называецца Наўскім Вялікаднем). Падаецца, гэта не зусім слушна.

Па-першае, адзначаюцца яны ў розныя дні. Наўскі Вялікдзень — у чацвер (прычым, розныя крыніцы даюць розныя звесткі — ці то гэта Чысты Чацвер напярэдадні Пасхі, ці то гэта чацвер пасля Пасхі). Радаўніца адзначаецца на 9-ы дзень пасля Вялікадня і заўжды прыпадае на аўторак.

Адрозніваюцца і арэалы распаўсюджання: Радаўніца больш вядомая ў Цэнтральнай ды Паўночнай Беларусі. А Наўскі Вялікдзень — на Палессі.

Паходжанне саміх назваў таксама мае адметнасці. Наўі ва ўяўяленнях нашых продкаў — гэта нябожчыкі. Дзесьці гэтым тэрмінам называюць усіх памерлых, дзесьці — толькі тых, хто сышоў з жыцця цягам года. У некаторых рэгіёнах наўямі клічуць «небяспечных» памерлых — тых, хто памёр не натуральным чынам альбо падымаецца з магілы ды шкодзіць жывым.

З этымалогіяй слова Радаўніца дакладна не вызначыліся. Адны даследчыкі лічаць, што назва свята пайшла ад старажытнагрэчаскага «дзень ружаў» — дзень памінання продкаў. Іншыя сцвярджаюць, што слова літоўскага паходжання і абазначае «плач альбо малітва з галашэннем па памерлых». Ёсць версія, што Радаўніца паходзіць ад слова «Род».

Абрады і рытуалы ж абодвух святаў сходныя. І скіраваны яны на ўлагоджванне памерлых, каб яны спрыялі і дапамагалі жывым.

Як можна ўшанаваць душы продкаў у сучасных умовах, давайце разбірацца.

Навесці парадак

Беларусы вылучаюцца сваёй ахайнасцю — ніводнае свята не абыходзіцца без прыборкі хаты, падворка. На Радаўніцу варта прыбрацца на «падворку» памерлых — прывесці да ладу пасля зімы могілкі.

rad01.jpg

Калі няма фізічнай магчымасці наведаць месца пахавання сваіх продкаў, можна прыбрацца ва ўспамінах. Перагледзьце і прывядзіце да ладу фотаальбомы ці старыя фатаздымкі. Падпішыце іх, пакажыце дзеткам.

Таксама (асабліва, калі нехта з сямейных пакінуў гэты свет не так даўно) можна разабраць рэчы нябожчыка. З чымсьці развітацца, Штосьці раздаць родным ці сябрам на памяць.

Запаліць свечы

У некаторых рэгіёнах існаваў звычай «грэць душы» — у памінальныя дні разводзіць вогнішчы для кожнага памерлага. Калі ў вас ёць магчымасць выбрацца на лецішча ды раскласці сапраўднае вогнішча — скарыстайцеся ёю! Проста паглядзіце на агонь, узгадваючы свой род, сваіх блізкіх, хто ўжо не з вамі. У кватэрных умовах вогнішча можна замяніць звычайнымі свечкамі. Пагасіце электрычнае святло і правядзіце вечар з жывым агнём. У спакоі, які дораць нам свечкі-знічкі, узгадвайце сваіх продкаў, адметнасці іх характараў, знешнасці, цікавыя выпадкі з жыцця. Распавядайце гэта сямейным, новаму пакаленню. Бо «чалавек жывы, пакуль жыве памяць пра яго».

budzma-org_206_150.jpg
Жанчына ўпрыгожвае мураваны надмагільны помнік фартухом. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя Міхася Раманюка 1989 года. Фота з альбома “Беларускія народныя крыжы”

Прыгатаваць памінальную трапезу

І па сёння захаваўся звычай ладзіць памінальны полудзень на могілках. Збіраюцца крэўныя родзічы ля магілы апошняга нябожчыка, засцілаюць яе абрусам, раскладаюць рытуальныя стравы і частуюцца. Але часам, калі ў галовах памінальшчыкаў захаваўся толькі знешні бок рытуалу, гэты полудзень набывае вычварэнскія формы.

Сэнс «сумеснай трапезы» заключаўся менавіта ва ўшанаванні продкаў, у злучэнні пакаленняў. Акрамя фарбаваных яек, адмысловых бліноў — «грыбкоў», кіўбасаў, мёду, тварагу, пірагоў стараліся прыгатаваць і ўлюблёныя стравы памерлых. Частку прыгатаванага пакідалі на магіле — верылі, што ў выглядзе птушак прыляцяць падсілкавацца душы продкаў.

fc54da7c798282aab74b19770b4e181c.jpg

Прапануем трапезу на могілках замяніць на сямейную памінальную вячэру з любімымі стравамі таго, хто сышоў. Як варыянт — наведаць любімую кавярню нябожчыка. Абавязкова ў думках запрасіць душы тых, каго вы памінаеце.

Зрабіць добры ўчынак

На памінальную трапезу ежы гатавалі шмат. Частку пакідалі на могілках, частку з’ядалі. Рэшту раздавалі жабракам. Лічылася, што ў іх выглядзе па Зямлі могуць хадзіць Бог, анёлы ці тыя ж продкі.

Зараз не абавязкова з торбай ежы блукаць у пошуках галодных бяздомных. Любая дабрачыннасць набывае ў такія дні больш глыбокі сэнс. Завязіце пакунак сродкаў гігіены альбо цацак у дзіцячы дом ці хоспіс. Набудзьце корму ці лекаў у прытулак для жывёл. Дапамажыце прыбрацца ў кватэры самотнай суседцы сталага веку. Дашліце паштоўку палітзняволенаму — выбар вельмі вялікі. Галоўнае — зрабіце добры ўчынак ад чыстага сэрца.

Даведацца штосьці са сваёй гісторыі

У адрозненне ад іншых памінальных дзён, калі ўсе дзеянні гуртаваліся вакол свайго роду, на Радаўніцу было прынята хадзіць на старажытныя курганы, памінаючы агульных далёкіх продкаў.

Можна і сёння падтрымаць гэтую традыцыю. Здзейсніць вандроўку па памятных і значных мясцінах, напрыклад. Альбо пачытаць/паглядзець матэрыялы па гісторыі роднага краю, высветліць для сябе пэўныя моманты. Бо, каб шанаваць, трэба, у першую чаргу, ведаць.

А яшчэ можна заглыбіцца ў свае карані праз унутраныя адчуванні. У гэтым вам дапаможа медытацыя «Матылёк».

Ева Вятрыскіна, budzma.org


Чытайце яшчэ:

Ці вітае царква пластыкавыя кветкі і вянкі, наколькі такія ўпрыгожанні традыцыйныя? Расказваюць экаактывісты