Беларуская інтэрнэт-радыёстанцыя Radio Plato стварае ўласны лэйбл

26.11.2021 Музыка

Беларуская інтэрнэт-радыёстанцыя Radio Plato робіць наступны крок у сваім развіцці і стварае ўласны лэйбл для публікацыі музычных рэлізаў. Мэта лэйбла — развіваць і далей умацоўваць кам’юніці музыкантаў, дыджэяў і прадзюсараў, якое гуртуецца вакол і побач Radio Plato. Канцэпцыя лэйбла не абмяжоўваецца жанравымі або геаграфічнымі каардынатамі, але будзе залежаць ад куратарскай экспертызы стваральнікаў лэйбла.


001.jpg

«Для нас гэта лагічны крок, пра які мы думалі каля года, — кажуць заснавальнікі Павел Кірпікаў і Аляксандр Карнейчук. — Пасля запуску медыя на Radio Plato, дзе мы распавядаем пра рэлізы беларускай (і не толькі) сцэны, заканамерна пачаць гэтыя рэлізы выпускаць».

Першая кружэлка — гэта кампіляцыя «Rajsn-elektronik: яўрэйска-беларуская электроніка», якую Radio Plato падрыхтавала ў супрацы з Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны. Ідэя альбома — гэта пераасэнсаванне культурнай традыцыі ад сучасных беларускіх прадзюсараў, якія на аснове беларуска-яўрэйскіх песень і мелодый зрабілі актуальны, свежы матэрыял у шырокім жанравым дыяпазоне: ад эксперыментальнага эмбіента і хіп-хопа да эйсід-дыска і трайбла. Ёсць нават песня, якую хоць зараз бяры на Еўрабачанне.«Мы хацелі выйсці за межы стварэння падобных альбомаў, калі фолк ідзе побач з нэафолкам, і таму прапанавалі паўдзельнічаць тым прадзюсарам і музыкантам, якія ўвогуле ці амаль ніяк не звязаны з традыцыйнай музыкай. Мы хацелі прыўнесці яе на танцпол — атрымаўся эксперымент як для нас, так і для іх», — кажуць стваральнікі лэйбла.

У кампіляцыі ўзялі ўдзел: SK.EIN, Schmoltz, Stroppy Pie, Stereobeaver, Lipski, Gip Gipz, Rik Tomito і Ilya Gurin-Babayeu. У стварэнні архіва мелодый і напеваў дапамагалі вядомыя фалькларысты Зісл Сляповіч і Алесь Астравух. А сам альбом выходзіць у межах 2-га «Беларуска-яўрэйскага фестывалю», які пачнецца ў гэтую нядзелю, падчас Ханукі.

Альбом выйдзе 29-га лістапада і будзе даступны на Bandcamp і Soundcloud радыё, а пазней і на астатніх стрымінгавых платформах.